У прыватнасці, у Рэчыцкім раёне затрымалі брата палітолага Валерыя Карбалевіча, а палітзняволенаму Міхаілу Лапунову дадалі чарговыя 15 сутак арышту.
Супрацоўнікі САХР з Мінску з пачаткам так званых «антытэрарыстычных» вучэнняў праехаліся па Рэчыцкім раёне. Там затрымалі брата палітолага Валерыя Карбалевіча разам з жонкай. Іх прымушалі запісаць «пакаяннае» відэа, але сям'я не згадзілася. Пасля іх забралі ў ІЧУ, пратрымалі 72 гадзіны, але асудзіць не паспелі, бо затрыманых у той дзень было шмат. Вядома, што сямейству выдалі позвы ў суд на 10 лістапада. У жонкі забралі тэлефон: там у акаўнце ў «Аднакласніках» знайшліся падпіскі на «Радыё Свабода».
Таксама перад выходнымі на чарговыя 15 сутак асудзілі бацьку аднаго з самых маладых палітвязняў Мікіты Залатарова – Міхаіла Лапунова. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі». Гэта ўжо шосты 15-суткавы арышт запар. Агулам мужчына правядзе за кратамі не менш за 90 сутак – тры месяцы.
Акрамя таго, у Рэчыцкім раённым судзе ў прамінулую пятніцу разглядалі справы паводле артыкула 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі): над Вадзяніцкім Аляксандрам Мікалаевічам, Фурманам Валерыем Пятровічам, Жолудзем Уладзімірам Аляксеевічам, Гарбаром Аляксандрам Яўгеньевічам, Кулажанка Паўла Міхайлавіча.
У Хойніках па тым жа артыкуле судзілі Машко Аляксандра Аляксандравіча – над ім адбылося некалькі адміністратыўных працэсаў.
У Светлагорску асудзілі Лапцева Аляксея Васільевіча. У Мазыры – Талмачэвец Інгу Генадзеўну, у Жлобіне – Луткову Наталлю Васільеўну і Ліманава Паўла Андрэевіча, Юдзіна Мікіту Сяргеевіча, у Петрыкаве – Грыцкевіча Дзмітрыя Уладзіміравіча.
У гомельскіх судах таксама не сядзелі без справы: у Навабеліцкім судзе па артыкуле 19.11 асудзілі Загорцаву Людмілу Андрэеўну, у судзе Савецкага раёна – Больбуха Яўгенія Сцяпанавіча, у Гомельскім раённым судзе – Сабурава Сяргея Пятровіча.
Пакуль выракі па гэтых справах не вядомыя.
ав/Гомельская Вясна