Бацьку пісьменніка Сашы Філіпенкі арыштавалі на 13 сутак. Пра гэта ён напісаў у сваім профілі ў «Фэйсбуку». Паводле Філіпенкі, суткі для яго бацькі прызначаныя нібыта за рэпост матэрыялу «Люстэрка».
Як паведамлялася, учора дома ў пісьменніка адбыўся вобшук, а бацьку яго затрымалі.
Пісьменнік учора распавядаў «Белсату», што візіту сілавікоў і ціску праз бацькоў чакаў даўно:
«Тату раней выклікалі і казалі яму, што я павінен замаўчаць і т.п., таму даўно было зразумела, што штосьці такое адбудзецца. Мы з татам абмяркоўвалі, што трэба з’ехаць, аднак ён сказаў, што ён ні ў чым не вінаваты і не павінен з’язджаць. Урэшце яны такім чынам вырашылі зрабіць, каб я замаўчаў».
Учора, па словах пісьменніка, пасля ператрусу проста забралі ўсю тэхніку і сказалі маці: «Перадайце дзякуй сыну».
«Мама цяпер будзе шукаць адваката, калі яны яшчэ засталіся ў Беларусі. Такімі дзеяннямі сілавікі не змогуць дасягнуць сваёй мэты і не закрыюць мне рот, – зазначыў Філіпенка. – Бо гэта дзіўна – маўчаць, калі твайго бацьку бяруць у закладнікі».
вс