Беларуская Служба

У следчым ізалятары Варшавы знайшлі павешаным былога палітвязня з Беларусі

13.11.2023 13:00
Па інфармацыі MOST, Кірылу затрымалі ў Варшаве 10 кастрычніка за махлярства ў інтэрнэце.
Кірыла Кятуркаscreen: https://www.youtube.com/watch?v=fPE_p3R9Wb4&t=99s

Кірыла Кятурка знайшлі мёртвым 20 кастрычніка ў камеры следчага ізалятара ў Варшаве. Папярэдняя версія следства – суіцыд. Але ў самагубства былога палітвязня з Беларусі вераць не ўсе, паведамляе MOST.

Пасля ўцёкаў з Беларусі Кірыл жыў у Варшаве. У кастрычніку 2023 года ён знік і перастаў адказваць на паведамленні ў Тэлеграм.

Першым біць трывогу стаў яго прыяцель: «Апошні раз Кірыл быў анлайн 10 кастрычніка. Ніхто не ведаў, дзе ён. І толькі праз 11 дзён ягонай сям'і патэлефанавалі з беларускай амбасады ў Варшаве і паведамілі, што Кірылу знайшлі павешаным у польскай турме. Канешне, усе былі ў шоку і не разумелі, як ён апынуўся ў турме і тым больш павешаным».

Па інфармацыі MOST, Кірылу затрымалі ў Варшаве 10 кастрычніка за махлярства ў інтэрнэце. Крыніца рэдакцыі паведаміла, што былы палітвязень звязаўся з групай ашуканцаў, якая, хутчэй за ўсё, займалася крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскіх рахункаў.

У канцы кастрычніка цела Кірыла перавезлі ў Беларусь. Яго пахавалі ў родным горадзе Гродна.

На момант смерці Кірылу было 19 год. У 2022 годзе ў Беларусі ён быў асуджаны за пратэсты 2020 года. Па хлопца прыйшлі, калі яму споўнілася 18 гадоў. Спачатку яго тры месяцы ўтрымлівалі ў гарадзенскім СІЗА, а пасля асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі». Амаль праз год Кірылу хацелі зрабіць больш жорсткім рэжым і перавесці яго ў калонію, але ён паспеў пакінуць Беларусь увесну 2023 года.

яс/Новы час