Беларуская Служба

Палітзняволеную віцяблянку Яну Пінчук унеслі ў спіс «экстрэмістаў»

13.11.2023 16:20
Дзяўчына асуджана на 12 гадоў па пяці артыкулах Крымінальнага Кодэкса.
Яна Пінчукhttps://spring96.org/files/images/sources/pinchyk.jpg

10 лістапада «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» папоўніўся на 21 асобу, сярод іх – палітзняволеная Яна Пінчук, ураджэнка Віцебска, асуджаная да 12 гадоў зняволення.

Следства сцвярджае, што Яна Пінчук з верасня 2020 па лістапад 2021 года адміністравала тры пратэсныя тэлеграм-каналы – «больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту». Таксама паведамлялася, што Яна праходзіць па трох эпізодах, кваліфікаваных як «прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і кіраванне незаконным фармаваннем».

Яну Пінчук затрымалі ў Санкт-Пецярбурзе 1 лістапада 2021 года. Амаль праз год, беларуску экстрадавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.

Сёлета ў чэрвені Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Яну Пінчук да 12 гадоў пазбаўлення волі.

20 кастрычніка апеляцыйную скаргу на гэты вырак разглядаў Вярхоўны суд, пасяджэнне было закрытым.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск