Беларуская Служба

Беларусь зрабіла «свой унёсак» у сарванне міжнародных перамоваў аб «крывавых алмазах»

14.11.2023 09:07
Беларусь, Расія, Кыргызстан і Цэнтральнаафрыканская рэспубліка завялі ў тупік перамовы ў рамках Кімберлійскага працэсу, на якіх краіны-чальцы намагаліся пашырыць вызначэнне тэрміну «крывавыя алмазы».
АлмазRapax / Shutterstock.com

«З канфліктам і замяшаннем» скончылася чарговае паседжанне Кімберлійскага працэсу аб маніторынгу «крывавых алмазаў», продаж якіх дапамагае фінансаваць войны па ўсёй планеце. Адной з вінаватых у правале перамоваў аказалася Беларусь, піша «Наша Ніва».

Беларусь, Расія, Кыргызстан і Цэнтральнаафрыканская рэспубліка (ЦАР) завялі ў тупік перамовы ў рамках Кімберлійскага працэсу (КП), на якіх краіны-чальцы КП пераважнай большасцю намагаліся пашырыць вызначэнне тэрміну «крывавыя алмазы».

«Абмяркоўвалася даданне пункту, што продаж гэтых нелегальна здабытых алмазаў фінансуе не толькі паўстанчыя групы, але і дзяржаўныя суб'екты любой асобнай краіны, якія вядуць вайну супраць урада іншай краіны», – піша часопіс Jeweller.

Пад новае пашыранае вызначэнне ў выпадку паспяховага прыняцця падпалі б і неапрацаваныя алмазы, якія здабываюцца ў Расіі і прадаюцца за мяжу ў абыход санкцый.

Як адзначыў часопіс Jeweller, нядаўняе паседжанне Кімберлійскага працэсу было сабрана якраз для супрацьдзеяння Расіі ў яе фінансаванні вайны супраць Украіны з дапамогай продажу алмазаў. Але перамовы зайшлі ў тупік з-за Расіі і некалькіх яе саюзнікаў.

«Беларусь, Расія, Кыргызстан і ЦАР назвалі прапанову аб пашырэнні паняцця «крывавых алмазаў» палітычна матываванай, а таксама моцна зацягнулі па часе само пасяджэнне, чым справакавалі на ім канфлікт і замяшанне. Перамовы скончыліся нічым», – перадае часопіс Jeweller.

Кааліцыя грамадзянскай супольнасці Кімберлійскага працэсу (наглядальны орган пры самой арганізацыі) выказала расчараванне вынікамі паседжання.

Кіраўнік кааліцыі Мішэль Ёбуэ заявіў, што «неабходна разарваць сувязь паміж алмазнай галіной і вайной супраць Украіны, бо фінансаванне гэтай вайны с дапамогай алмазаў падрывае адказнае вядзенне бізнесу».

Сам Кімберлійскі працэс быў зацверджаны ААН яшчэ ў 2003 годзе. Арганізацыя была створана для кантролю і маніторынгу алмазнай галіны ва ўсім свеце (і асабліва ў Афрыцы), каб нелегальна здабытыя алмазы («крывавыя алмазы») не траплялі на рынкі збыту і не дапамаглі фінансаваць тэрарызм. КП можа таксама забараняць імпарт алмазаў з пэўных краін.

На дадзены момант у склад арганізацыі ўваходзяць 85 краін, уключаючы ЗША, Еўрасаюз, Расію, Кітай, шэраг афрыканскіх дзяржаў і Беларусь, якая спрабуе стаць старшынёй арганізацыі на 2024 год.

яс