У Бруселі прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміямі Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства». Сярод лаўрэатаў – недзяржаўная Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), паведамляе «Свабода».
З 2018 году Форум грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» ўзнагароджвае выбітныя арганізацыі рэгіёну за выдатную і самаадданую працу арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія паслядоўна абараняюць фундаментальныя дэмакратычныя прынцыпы.
Сёлета адным з лаўрэатаў стала Беларуская асацыяцыя журналістаў. Прэмію атрымаў старшыня асацыяцыі Андрэй Бастунец.
«Арганізацыі грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца моцнымі рэфарматарамі і заўзятымі прыхільнікамі дэмакратычных прынцыпаў, нават перад абліччам нягодаў, праблемаў і рэпрэсій(…) Ваша непахісная прыхільнасць прасоўванню свабоды выказвання меркаванняў і незалежнай журналістыкі ў Беларусі заслугоўвае захаплення», – падкрэсліваецца ў заяве ініцыятараў прэміі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з 1995 году, гэта недзяржаўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае журналістаў і садзейнічае развіццю журналістыкі. З 1997 году БАЖ – асацыяваны сябра Міжнароднай федэрацыі журналістыкі. Сярод іншага, БАЖ займаецца прафесійным навучаннем журналістаў, маніторынгам прафесійнай журналістыкі ў Беларусі, а таксама абаронай правоў журналістаў, адсочвае парушэнні і перашкоды ў іх працы.
28 лютага 2023 году КДБ Беларусі ўхваліў рашэнне прызнаць Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Яшчэ раней арганізацыя была ліквідаваная, як і сотні іншых грамадскіх арганізацый.
аз