14 лістапада Беларускі цэнтр нацыянальнай памяці накіраваў лісты ў вайсковыя часткі і Адміністрацыю прэзідэнта Украіны наконт пасмяротнага прысваення звання «Герой Украіны» з уручэннем ордэна «Залатая Зорка» двум беларускім добраахвотнікам Эдуарду Лобаву і Дзмітрыю Рубашэўскаму, паведаміў у сацсетках кіраўнік зарэгістраванага ў Львове фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.
У красавіку 2022 года ў Вярхоўнай Радзе Украіны быў зарэгістраваны праект Закона аб унясенні змяненняў у Закон Украіны «Аб дзяржаўных узнагародах Украіны» адносна прысваення звання «Героя Украіны» асобам, якія не з'яўляюцца грамадзянамі Украіны. На жаль, гэты законапраект дагэтуль не разгледжаны. Згодна з гэтым законапраектам, званне «Героя Украіны» можа быць прысвоена, як выключэнне, пасмяротна замежніку і асобе без грамадзянства за выдатны гераічны ўчынак у абароне інтарэсаў Украіны.
«Мы лічым, што Дзмітрый і Эдуард сваім жыццём, сваімі справамі і подзвігамі даказалі, што яны заслугоўваюць такога высокага звання», – напісаў Аляксей Францкевіч.
Дзмітрый Рубашэўскі загінуў 12 красавіка 2022 года. У траўні 2023-га Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам «За мужнасць» ІІІ й ступені.
Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня 2023 года пад Вуглядарам. У верасні ўказам Зяленскага ён і яшчэ адзін загінулы беларус Даніл Ляшук таксама былі ўганараваныя ордэнам «За мужнасць» ІІІ i ступені.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне загінулі больш за тры дзясяткі беларускіх добраахвотнікаў, нагадвае «Свабода». На сённяшні дзень два беларусы маюць званне «Героя Украіны», абодва ўзнагароджаныя «Залатой Зоркай» пасмяротна.
аз