Беларуская Служба

Літоўская кампанія прадае прадукцыю падсанкцыйнага Беларускага металургічнага завода

20.11.2023 16:12
З 3 жніўня 2023-га Беларускі металургічны завод асобна ўнесены ў санкцыйны спіс ЕС.
C
Cталёвыя трубыpixabay.com/Vladmir Zapletin

Беларускі металургічны завод, які цяпер пад санкцыямі ЕС, працягвае гандляваць з Еўропай, піша «Еўрарадыё».

Абмежаванні на ўвоз металу з Беларусі Еўрасаюз увёў у сакавіку 2022 года. З 3 жніўня 2023-га Беларускі металургічны завод асобна ўнесены ў санкцыйны спіс ЕС. Санкцыі прадугледжваюць, што сродкі БМЗ у Еўропе павінны быць замарожаныя, ніякія сродкі і эканамічныя рэсурсы не могуць быць перададзеныя заводу наўпрост ці ўскосна. Свядомы і наўмысны абыход санкцыяў забаронены.

У ліпені 2023 года кіраўніцтва БМЗ заявіла, што кампанія знайшла новыя рынкі збыту, а ў першым паўгоддзі 2023 года завод экспартаваў прадукцыю на $ 660,5 млн.

У распараджэнні журналістаў аказаліся дамовы БМЗ з кампаніямі «Milca Baltija» і «Eurologisticos bazė». Абедзве кампаніі зарэгістраваныя ў Літве. «Milca Baltija» ўжо трапіла ў поле зроку журналістаў-расследавальнікаў. У верасні 2023 года стала вядома аб тым, што гэтая літоўская кампанія дапамагае абыходзіць санкцыі «Гродна Азоту»: перавозіць беларускія ўгнаенні ў Еўрасаюз пад выглядам узбекскіх.

Сама кампанія не хавае ў «Linkedln», што асноўная сфера яе дзейнасці – гандаль на рынку сталі. Некаторыя людзі, звязаныя з кампаніяй у сацсетцы, адзначаюць у сваіх профілях, што яны з Беларусі. А некаторыя вядуць бізнес у Беларусі. Напрыклад, гандлёвы прадстаўнік «Milca Baltija» Сяргей Галда.

Краінай прызначэння тавараў, набытых «Milca Baltija», ёсць Турцыя.

Кантракт БМЗ з «Milca Baltija» працуе з 31 траўня 2022 года. Гэта значыць, ужо пасля 2 сакавіка 2022 года, калі санкцыі пачалі дзейнічаць. Такія дзеянні літоўскіх кампаніяў можна разглядаць як парушэнне санкцыяў Еўрасаюза ад 2 сакавіка 2022 года. Яны забараняюць наўпроставае або ўскоснае закупліванне і транспартаванне чыгуну і сталі або прадукцыі з іх, калі гэтыя тавары месцяцца ці вырабляюцца ў Беларусі.

Журналісты звярнуліся па каментары да «Milca Baltija» і «Eurologisticos bazė» з просьбаю патлумачыць, чаму яны працягнулі падпісваць кантракты з БМЗ пасля забароны на гандаль беларускімі металамі. Аднак адказу пакуль не атрымалі.

яс/Белсат