Беларуская Служба

Віцебскі абласны суд ліквідаваў арганізацыю, якая аказвала дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі

20.11.2023 17:19
Арганізацыя «Алмаз» спрыяла ў вырашэнні пытанняў сацыяльна-медыцынскай дапамогі і працоўнай рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей.
Ілюстрацыйны здымакstevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

Рашэннем Віцебскага абласнога суда падверглася прымусовай ліквідацыі Міжнароднае грамадскае аб'яднанне рэабілітацыі падлеткаў, інвалідаў і пажылых людзей «Алмаз».

МГА «Алмаз» было зарэгістравана ў лютым 2000 года. Увесь час сябры грамадскага аб’яднання і валанцёры аказвалі псіхалагічную дапамогу, праводзілі аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, што дазваляла пажылым людзям і інвалідам пашырыць сацыяльныя кантакты.

Дзеля дасягнення сваіх мэт, праз Інтэрнэт ажыццяўлялася інфармацыйная падтрымка, праводзіліся шматлікія адукацыйныя мерапрыемствы.

Таксама грамадскія актывісты ў цесным кантакце з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі аказвалі сацыяльна-бытавую дапамогу, садзейнічалі рэабілітацыі і працоўнай занятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск