Супраць яе завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) за дапамогу мужу, якога звінавацілі ў працоўных стасунках з «Белсатам». Гэты тэлеканал прызнаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Жонку відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава затрымалі сёлета 6 чэрвеня 2023 года – пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі. На гэты момант яе муж ужо 4 месяцы знаходзіўся ў віцебскім СІЗА паводле абвінавачання па ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
21 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай.
На момант затрымання Таццяна была ў адпачынку па даглядзе за дзіцём — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Дзяўчынку забралі супрацоўнікі сацыяльнай службы, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх ейных дзяцей ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.
Вячаслаў Лазараў па-ранейшаму знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2, ён чакае адпраўкі на месца адбыцця прысуджанага пакарання. Як і Таццяне Пыцько, Вярхоўны суд перакваліфікаваў склад злачынства, у якім яго звінавацілі. Паводле выраку Віцебскага абласнога суда, Вячаслаў быў прызнаны вінаватым па ч. 2 і ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і асуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Вынікам разгляду апеляцыйнай скаргі стала тое, што суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і зменшыў пакаранне. Відэааператар Вячаслаў Лазараў мае адбыць за кратамі 5 гадоў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
baj.media / вх