Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам і спікеркай парламента Латвіі. Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс выказаў падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі. Ціханоўская распавяла пра хвалю рэпрэсій, вобшукаў і арыштаў, якая пракацілася па Беларусі, а таксама пра драматычную сітуацыю з палітвязнямі, якіх трымаюць без сувязі са знешнім светам на працягу многіх месяцаў, у тым ліку пра Мікалая Статкевіча, Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага.
Лідары абмеркавалі новыя санкцыі супраць рэжыму, індывідуальныя і эканамічныя, і закрыццё «лазеек» у існуючым рэжыме санкцый, паведамляе «Свабода».
Бакі пагадзіліся, што не можа быць ніякай дыскусіі пра змякчэнне санкцый на фоне той хвалі рэпрэсій, якая назіраецца апошнія месяцы, у тым ліку ператрусы ў кватэрах чальцоў Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінетa, Каардынацыйнай Рады і Народных амбасадаў.
Ціханоўская сказала, што беларусы павінны бачыць альтэрнатыву «русскому миру», і заклікала Латвію падтрымаць еўрапейскія памкненні беларусаў. Асобна абмеркавалі пытанні новых беларускіх пашпартоў і легалізацыі беларусаў у Латвіі.
Таксама Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са спікеркай латвійскага парламента Дайгай Мерыняй і членамі парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, у склад якой увайшлі 8 дэпутатаў з розных партый. Яна прапанавала, прызнала КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм, – як гэта раней зрабіў чэшскі Сенат.
Ціханоўская таксама сустрэлася з прадстаўнікамі латвійскай інтэлігенцыі і экспертнай супольнасці, у тым ліку арганізацыяў беларускай дыяспары Free Belarus Latvia, Svitanak, Supolka, Беларускай школы імя Янкі Купалы і музеяў Латвіі.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з мэрам Рыгі. Aбмяркоўвалася арганізацыя шэрагу культурных мерапрыемстваў і беларускіх выставаў у Латвіі, каб прыцягнуць увагу латвійскага грамадства да сітуацыі ў Беларусі.
Ужо 29 лістапада ў Рызе мае афіцыйна з’явіцца сквер Францішка Скарыны.
Таксама палітыкі абмеркавалі магчымасці выдзялення памяшкання для беларускай дыяспары і актывістаў у Рызе для правядзення мерапрыемстваў.
аз