Раніцай 28 лістапада праваабаронцы «Вясны» сталі фіксаваць інфармацыю пра масавыя ператрусы ў Мінску і іншых гарадах. Пра пераслед людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай, паведамлялі і праўладныя тэлеграм-каналы – яны назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у «Каардынацыйную раду».
У чым абвінавачваюць асноўны на сёння прадстаўнічы орган беларускага грамадства?
Пастановы на ператрус у сябраў КС былі выдадзеныя паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
- змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
- заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
- стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
- фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК);
- садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).
Што вядома пра масштаб рэпрэсій?
Напачатку Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ў якасці падазраваных па »справе выбараў у Каардынацыйную Раду« прыцягнутыя звыш ста асоб. Гэтая лічба цягам тыдня мянялася некалькі разоў. Так, адзін з праўладных каналаў, па «справе Каардынацыйнай рады» паведаміў, што праведзена каля 200 ператрусаў па ўсёй краіне.
Але намеснік міністра ўнутраных спраў-начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч у нядзелю ў эфіры АНТ паведаміў, што па справе Каардынацыйнай рады было праведзена больш за 130 ператрусаў.
«За апошні тыдзень мы правялі больш за 130 ператрусаў і 145 накладанняў арышту на маёмасць у чальцоў так званай Каардынацыйнай рады, створанай Ціханоўскай», – распавёў Казакевіч.
Пастановы на ператрусы былі падпісаныя пракуратурай за тыдзень да падзей
Пастановы на ператрусы па »справе Каардынацыйнай рады« падпісаў намеснік генпракурора Сяргей Хмарук.
Зрабіў ён гэта 20 лістапада – за 8 дзён да пачатку ператрусаў.
Хмарук – ураджэнец Украіны, які з 1994 года працуе ў сістэме органаў пракуратуры. У 2021 годзе ён быў прызначаны на пасаду намесніка генпракурора. Некалькі год працаваў у органах пракуратуры ў Оршы.
Інфармацыі праваабаронцам пакуль бракуе
Сёння праваабаронцам вядомыя толькі некалькі прозвішчаў тых, у каго прайшлі ператрусы па гэтай справе:
Павел Латушка;
Сяргей Чалы;
Юрась Губарэвіч;
Артур Фінькевіч;
Міхаіл Таўбе;
Ганна Красуліна;
Раман Кісляк;
Роза Турарбекава;
Павел Церашковіч.
вх