Беларуская Служба

Павел Латушка павіншаваў новага міністра замежных спраў Польшчы, той адказаў «Жыве Беларусь!»

13.12.2023 11:24
«Перакананы, што незалежная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь адпавядае нацыянальным інтарэсам Польшчы».
      .
Новы міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.Фота: PAP/Szymon Pulcyn

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі адказаў на віншаванне Паўла Латушкі ў сувязі з назначэннем на пасаду кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Польшчы:

«Дзякуй, спадар Міністр, беларускія дэмакраты заўсёды будуць нашымі братамі, якіх мы аднойчы будзем вітаць у сям'і свабодных еўрапейскіх народаў. Жыве Беларусь!»

У сваім віншаванні на адрас новага міністра замежных спраў Польшчы намеснік кіраўніка Абʼяднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў:

«Спадар Міністр, … мы спадзяемся на Вашую падтрымку беларусаў у нашай барацьбе за свабоду і незалежнасць… Дыктатара Лукашэнку трэба надаць Міжнароднаму крымінальнаму суду і абʼявіць тэрарыстам».

Яшчэ 5 кастрычніка 2021 года падчас аднаго са слуханняў у Еўрапарламенце па тэматыцы Беларусі Радаслаў Сікорскі ў якасці дэпутата ЕП выступіў з заявай: «Той, хто забівае, выкрадае і тэрарызуе мігрантаў, зʼяўляецца тэрарыстам. І ў сувязі з гэтым у мяне ёсць тры прапановы: павялічыць дапамогу для беларускіх дэмакратычных сіл, падтрымаць працэс прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі перад Міжнародным судом і ўнесці яго ў спіс тэрарыстаў».

Павел Латушка аб прызначэнні новага міністра замежных спраў Польшчы:

«Прызначэнне міністрам замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага дае нам упэўненасць у тым, што Польшча працягне прыкладаць актыўныя намаганні па падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларускага народа, падтрымліваць незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны.

Перакананы, што новы міністр замежных спраў Польшчы глыбока ведае, што адбываецца ў нашай краіне. Мы спадзяемся на яго падтрымку ў выкарыстанні ўсіх магчымых даступных міжнародных механізмаў па прыцягненню асабіста Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да міжнароднай крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, якія ўчыняюцца ў дачыненні да беларускага народа, за масавыя атакі на грамадзянскае насельніцтва, за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей, за іншыя парушэнні норм міжнароднага права.

Беларусы хочуць жыць у незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржаве. Гэта адпавядае спрадвечным інтарэсам беларускага народа.

Перакананы, што незалежная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь адпавядае і нацыянальным інтарэсам Польшчы. На супадзенні гэтых нацыянальных інтарэсаў мы можам выбудаваць сумесную стратэгію дзеянняў.
Польшча зʼяўляецца адной з найбуйнейшых краін у Еўрапейскім саюзе і яе ўплыў у ЕС можа быць фактарам, які будзе шмат у чым вызначаць далейшую палітыку ЕС у дачыненні да дыктатарскага рэжыму і падтрымкі еўрапейскага выбару беларусаў».

Тэлеграм-канал Паўла Латушкі

нг