Беларуская Служба

У Мінску затрымалі дацэнта БДУ

15.12.2023 12:20
У відэа, выкладзеным лукашыстамі, затрыманы кажа, што ў 2020 годзе тры ці чатыры разы браў удзел у акцыях, быў падпісаны на «экстрэмісцкі» канал.
Аляксей Семянцоўкрыніца: БДУ

Прарэжымны Тэлеграм-канал апублікаваў відэа аб затрыманні дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Гаворка ідзе пра дацэнта кафедры камунікатыўнага дызайну факультэту сацыякультурных камунікацый Аляксея Семянцова, паведамляе «Наша Ніва».

У відэа, выкладзеным лукашыстамі, Семянцоў кажа, што ў 2020 годзе тры ці чатыры разы браў удзел у акцыях, быў падпісаны на «экстрэмісцкі» канал. Яго таксама вінавацяць у тым, што сябрам з Расіі «распаўсюджваў фэйкі» пра сітуацыю ў Беларусі, зніклых і забітых на пратэстах.

У чым канкрэтна абвінавачваюць дацэнта ўніверсітэту, невядома.

Аляксею Семянцову 54 гады. У 1993 годзе ён скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «дызайнер». Член Саюза дызайнераў Беларусі. Ездзіў на стажыроўку ў Барселону. Ва ўніверсітэце працуе больш за 15 гадоў.

У 2011 годзе Семянцоў атрымліваў падзяку ад Міністэрства культуры, узнагароджваў яго неаднаразова і БДУ.

вс