Пра гэта распавёў вядомы актывіст Ігар Случак. Гісторыя яго перапісак з хлебазаводам пачалася яшчэ ў 2018 годзе. Але здалося прадпрыемства толькі зараз.
Упершыню на этыкетках прадукцыі з'явілася беларуская мова. А хлеб з назвай «Бульбаш» знік з асартыменту.
Ігар Случак апісаў сваю гісторыю барацьбы з хлебазаводам:
«Хлеб «Бульбаш» выпускаўся Слуцкім хлебазаводам з 2007 году і па словах самога завода лічыўся яго ці не галоўным брэндам, які перамагаў на розных конкурсах.
У 2018 годзе мы пачалі кампанію «Стоп Бульбаш» як супраць самога абразлівага слова бульбаш, так і супраць літары Ъ, на беларускіх шыльдах і этыкетках.
Менавіта супраць хлеба мы тады збіралі подпісы случакоў і падавалі калектыўны зварот. Тады хлебазавод ад меркавання людзей адмахнуўся і прыбіраць абразлівую назву з пакунка хлеба не стаў.
Але мы не пакінулі гэтую справу і працягвалі не толькі выбіваць бульбаша з асартыменту завода, але і беларусізаваць Слуцкі хлебазавод – беларускай мовы на яго этыкетках не было.
І вось прайшло 5 год, заканчваецца 2023 год і мы маем калядныя падарункі – беларуская мова на новых відах прадукцыі Слуцкага хлебазавода зʼяўляецца ці не кожны квартал, а хлеб «Бульбаш» нарэшце зняты з вытворчасці.
Вялікая, доўгая і нецікавая праца, але вынік апраўдвае ўсё – абаронена беларуская мова і нацыянальная годнасць беларусаў».
Facebook Ігар Случак
нг