У рэгіёне працягваецца этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. У гэты час дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачалі масава выступаць у мясцовых СМІ і праводзіць сустрэчы ў дзяржаўных установах. Аршанскія дэпутаты беларускага парламента Іна Крачак і Віталь Васюкоў павіншавалі жыхароў раёна з навагоднімі святамі. Меркаваннем аб адзіным дні галасавання падзялілася ў віцебскай газеце член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Таццяна Аўтухова.
У розных установах Полацка цягам апошніх двух тыдняў адбываюцца сустрэчы з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Святланай Адзінцовай. Гэтыя сустрэчы назвалі «Школай падвышэння палітычнай пісьменнасці», і прысвечаны яны лютаўскім выбарам. Дэпутатка расказвае пра змены ў выбарчай сістэме, а старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч – пра паспяховае развіццё Полацка, якое наладжваецца ў тым ліку і пры дапамозе дзейных дэпутатаў.
Усю гэту актыўнасць можна расцаніць як незаконную агітацыю асобамі, якія яшчэ не зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Вылучэнне кандыдатаў ажыццяўляецца да 15 студзеня. А перадвыбарчая агітацыя дазволена законам з 31 студзеня па 24 лютага 2024 года.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск