Для параўнання: у 2022 годзе ў «пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» было ўнесена 80 пазіцый.
З 2021 года за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1 КК) агулам асудзілі мінімум 130 чалавек (як правіла, гэты артыкул выкарыстоўваюць у абвінавачванні ў сукупнасці з іншымі крымінальнымі артыкуламі).
Летась у пералік уключылі 11 медыя і 5 блогераў, музычны гурт «Tor Band», Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускую асацыяцыю журналістаў, Згуртаванне беларусаў свету, шэраг грамадскіх аб'яднанняў і суполак.
«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» былі прызнаныя шэраг палітычных апазіцыйных структур: «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне» пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі, сацсеткі і сайт Святланы Ціханоўскай і нават закрыты Telegram-канал «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай», «Каардынацыйная Рада» і «Рада БНР».
Праваабаронцы «Вясны» неаднаразова звярталі ўвагу на незаконнасць працэдуры прыняцця такіх рашэнняў:
«Рашэнні аб прызнанні «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прымаюцца ў адміністрацыйным, пазасудовым парадку КДБ ці МУС без давядзення да грамадскасці канкрэтных падстаў для прыняцця такіх рашэнняў. Спрошчаны механізм прызнання арганізацый «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а таксама адсутнасць у грамадзян доступу да інфармацыі і механізмаў судовай абароны ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян, у тым ліку ў адказ на грубыя парушэнні правоў чалавека».
Таксама праваабаронцы адзначаюць парушэнне правоў чалавека пры прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем», пры гэтым звяртаюць увагу на меры бяспекі грамадзян:
«Прызнанне субʼекта экстрэмісцкім фармаваннем татальна, пад пагрозай крымінальнага пакарання, абмяжоўвае правы і свабоды як субʼектаў і іх удзельнікаў, гэтак і людзей, якія хочуць далучыцца да дэ-факта правамернай дзейнасці такіх субʼектаў, выказацца праз магчымасці, якія тыя даюць».
Паводле spring96.org/вх