Былога старшыню зліквідаванай уладамі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з калоніі на турэмны рэжым, паведаміў у «Фэйсбуку» зяць палітвязня Дзмітрый Антончык.
Рашэнне аб больш жорсткім рэжыме адбыцця пакарання для Кастусёва прыняў суд Івацэвіцкага раёну. Паседжанне праходзіла 15 студзеня праз відэасувязь, піша Белсат.
Калі і ў якую менавіта турму перавядуць палітзняволенага палітыка, пакуль невядома.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў 2021 годзе. У верасні 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў былога старшыню Партыі БНФ да 10 гадоў пазбаўлення волі нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам. Палітык віны не прызнаў.
У снежні палітвязня этапавалі ў ПК № 22 «Воўчыя норы», дзе ён утрымліваецца і цяпер. Сваякі Кастусёва раней заяўлялі, што ў калоніі ён «праводзіць шмат часу ў штрафным ізалятары».
У Кастусёва сур’ёзныя праблемы са здароўем – у яго выявілі анкалагічную хваробу.
У пачатку кастрычніка, пасля выхаду з ШІЗА, Кастусёў меў магчымасць патэлефанаваць родным. Ён расказаў, што яму моцна баляць і ацякаюць ногі, турбуе варыкоз:
«Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець».
У лістападзе стала вядома, што палітзняволенага змясцілі ў ПКТ на 6 месяцаў.
яс