Каталіцкага верніка Арцёма Кабылкова затрымалі і асудзілі яшчэ пад канец снежня. Аднак дэталі сталі вядомы толькі цяпер.
У судовым паседжанні, якое праходзіла ў Шуміліна, стала вядома, што на сваёй старонцы ў сацсетках мужчына размясціў публікацыю, дзе намаляваны вадзяны знак «TUT.BY», а таксама публікацыю з інтэрнэт-партала «Zerkalo». Улады лічаць гэтыя рэсурсы экстрэмісцкімі.
Падчас затрымання сілавікі спрабавалі запісаць з Арцёмам Кабылковым «пакаяннае відэа», аднак мужчына адмовіўся што-небудзь каментаваць на камеру.
На судзе Арцём не адмаўляў, што размясціў дадзеныя публікацыі. Суд Шумілінскага раёна прызнаў Кабылкова вінаватым і аштрафаваў на 555 рублёў.
Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць людзей, якія праяўляюць хоць якую актыўнасць, у тым ліку царкоўных актывістаў. Вернікі ў Беларусі па-ранейшаму не адчуваюць сябе ў бяспецы. А ў 2023 годзе Беларусь стала другой краінай у свеце па колькасці арыштаваных каталіцкіх святароў, саступіўшы сумнеўнае лідарства Нікарагуа.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск