Беларуская Служба

Кіраўнік польскага МЗС: Зараз у Беларусі і Расіі больш палітвязняў, чым у СССР у часы Леаніда Брэжнева

20.02.2024 12:01
Учора Савет міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза прыняў ад імя ЕС заяву аб сітуацыі ў Беларусі.
Кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі PAP/EPA/ANNA SZILAGYI

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выказаўся ў Бруселі пра рэпрэсаваных у Беларусі. Кіраўнік польскай дыпламатыі казаў пра пагаршэнне сітуацыі ў суседняй краіне падчас сустрэчы міністраў членскіх краінаў ЕС:

- Я нагадаў прысутным, што маштабы рэпрэсіяў у Беларусі не змяншаюцца і гэта больш жорсткія рэпрэсіі, чым у Польшчы падчас ваеннага становішча. Зараз у Беларусі і Расіі больш палітвязняў, чым у СССР у часы Леаніда Брэжнева.

Кіраўнік польскага МЗС дадаў, што пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года Беларусь не толькі ўзмацніла рэпрэсіі супраць сваіх грамадзян, але і дазволіла Расіі скарыстаць сваёй тэрыторыяй з мэтай агрэсіі супраць Украіны і размясціць расійскую ядзерную зброю.

Нагадваем, паводле беларускіх праваабаронцаў, зараз у Беларусі амаль паўтары тысячы палітвязняў, сярод іх таксама журналіст і дзеяч польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут.

Учора Савет міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза прыняў ад імя ЕС заяву аб сітуацыі ў Беларусі. Міністры выказалі падтрымку беларускаму народу, які імкнецца да дэмакратыі і суверэннай дзяржавы. У заяве ЕС адзначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца.

Савет міністраў замежных спраў ЕС асудзіў палітычныя рэпрэсіі супраць усіх сацыяльных групаў і абмежаванне ўдзелу грамадзян у палітычным жыцці, што робіць немагчымым правядзенне ў Беларусі справядлівых парламенцкіх і мясцовых выбараў, прызначаных на 25 лютага.

Акрамя таго, Савет асудзіў рэжым Аляксандра Лукашэнкі за падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны і заклікаў Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязкі.

IAR/аз