Беларуская Служба

«Пародыя на выбары». Як у свеце адрэагавалі на выбары дэпутатаў у Беларусі

26.02.2024 11:21
Адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэп ЗША выступіў з заявай, у якіх назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі.
.
Ілюстрацыя. Фота: ПЦ «Вясна»

25 лютага адбыўся адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі. Афіцыйная датэрміновая яўка склала 41,71 %, што стала новым рэкордам выбарчых кампаній. У той жа час канчатковая яўка стала самай нізкай пасля 2000 года (73,09%). Адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі Дзярждэп ЗША выступіў з заявай, у якой назваў выбары ў Беларусі фіктыўнымі. Пазней выказаліся прадстаўніцтвы іншых краін і еўрапейскія палітыкі.

З рашучым асуджэннем «сістэматычных рэпрэсій падчас выбараў» у Беларусі выступіла знешнепалітычнае ведамства Германіі.

«Рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб здушыць імкненне народа да дэмакратыі. Ён адчуў сілу дэмакратычнай ідэі [на прэзідэнцкіх выбарах – 2020] – і гэтая сіла працягвае наводзіць страх на рэжым», – гаворыцца ў кароткай заяве МЗС ФРГ, выпушчанай пасля завяршэння ў Беларусі выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Таксама адрэагавалі дэпутаты Вярхоўнай Рады з дэпутацкага аб'яднання «За дэмакратычную Беларусь». У заяве яны заклікалі свет не прызнаваць вынікаў выбараў.

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства адзначыў: «У Беларусі праводзяцца бязвыбары! 1420 палітвязняў, сярод якіх чальцы Форума – да гэтага часу за кратамі!»

Група «За дэмакратычную Беларусь» у нямецкім Бундэстагу выказала словы падтрымкі беларускаму народу: «Мы – разам з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. І псеўда-выбары Лукашэнкі гэтага не зменяць».

Міністэрства замежных справаў Аўстрыі заявіла: «Парламенцкія выбары ў Беларусі ані свабодныя, ані сумленныя. Мы працягнем працаваць для вольнай, незалежнай і квітнеючай Беларусі».

Дэпутат французскага Парламента Фрэдэрык Пеці адзначыў: «Рэжым Лукашэнкі арганізуе пародыю на выбары – без апазіцыі і міжнародных назіральнікаў. Мы заклікаем міністра замежных справаў не прызнаваць іх вынікі».
Старшыня ПА НАТА заявіў: «Бязвыбары ў Беларусі бессэнсоўныя». Ён дадаў, што еўрапейскія парламенты і ўрады «мусяць працягваць асуджаць рэпрэсіі рэжыму».

ПЦ "Вясна"

нг