Просьба пашырыць выкарыстанне беларускай мовы на тэлебачанні з мэтай яе папулярызацыі змяшчаецца ў петыцыі на адрас Міністэрства інфармацыі, збор подпісаў у падтрымку якой пачаўся 9 чэрвеня.
Нягледзячы на афіцыйнае двухмоўе, канстатуецца ў петыцыі, «тэлевізійныя праграмы, якія выходзяць на беларускім тэлебачанні, часта аддаюць прыярытэт рускай мове».
«Па дадзеных статыстыкі, толькі чвэрць насельніцтва краіны выкарыстоўвае беларускую мову як гутарковую, – гаворыцца ў дакуменце. – Астатнія аддаюць перавагу размаўляць на рускай. Спецыялісты інстытута мовы і літаратуры пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі перакананы, што выратаваць беларускую мову можна з дапамогай папулярызацыі мовы. Акрамя таго, неабходна строга выконваць заканадаўства і нарматыўныя акты, якія датычацца моўнай сферы».
Моўную палітыку, якая праводзіцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, можна назваць русіфікацыяй.
Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).
Позірк