Беларуская Служба

Беларускія ўлады рыхтавалі правакацыю з мінамі «Лепесток» з польскага боку мяжы – Байпол

11.06.2024 12:50
«Дадзеныя міны ў колькасці каля 30 штук мігранты павінны былі раскідаць ужо на польскай тэрыторыі для таго, каб справакаваць падрыў каго-небудзь».
Польскія памежнікі на ахове мяжы з Беларуссюфота: twitter.com/Straz_Graniczna

Байпол піша, што Масква з'яўляецца перавалачнай базай мігрантаў з Афрыкі і Азіі ў краіны Еўрасаюза. Мігрантаў дзеляць на тых, хто паедзе ваяваць ва Украіны, і тых, хто паедзе ў Беларусь свараць міграцыйны крызіс на мяжы.

Паводле былых сілавікоў, у Мінску ў раёне Уручча на базе вучэбнага цэнтра «Дынама» мігранты праходзяць навучанне ў інструктараў спецпадраздзялення пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь – Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў (ВЧ 1250).

«Мігранты навучаюцца выбуховай справе, як арыентавацца ў лесе, непрыкметна перасоўвацца па сцежках, рабіць праходы ў плоце, карыстацца компасам. Пасля навучання мігранты дзеляцца на групы 10-12 чалавек і перавозяцца на мяжу з Польшчай у размяшчэнне памежных застаў», – сцвярджае Байпол.

Паводле былых сілавікоў, 28 мая 2024 года спецслужбамі Беларусі на беларуска-польскім участку мяжы ў раёне вёскі Дубічы Царкоўныя была запланаваная правакацыя.

Некаторым мігрантам раздалі нажы і навучылі імі карыстацца. Акрамя таго, са складоў былі дастаўленыя супрацьпяхотныя фугасныя міны «Лепесток» (ПФМ-1) вытворчасці СССР. Характэрнай рысай дадзенай міны зʼяўляецца тое, што яна пры выбуху практычна не ўтварае забойных аскепкаў і наносіць пашкоджанне толькі таму, хто на яе наступіў.

«Дадзеныя міны ў колькасці каля 30 штук мігранты павінны былі раскідаць ужо на польскай тэрыторыі для таго, каб справакаваць падрыў каго-небудзь, каб абвінаваціць Польшчу ў выкарыстанні мін супраць мігрантаў. У беларускім грамадстве загадзя запушчаны слых, што палякі замініравалі мяжу. Аднак падчас спробы прарыву мяжы міны не ўдалося пераправіць на польскі бок, адзін з мігрантаў ударыў польскага салдата 1-й бранятанкавай брыгады Матэвуша Сітэка нажом, ад чаго той пазней памёр у шпіталі», – піша Байпол.

Байпол абяцае назваць прозвішчы тых супрацоўнікаў, хто да гэтага датычны.

яс/Наша Ніва 
https://nashaniva.com/344682