Беларуская Служба

Літва пабудуе ўмацаванні на мяжы з Беларуссю

13.06.2024 14:25
Міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас заявіў, што на мяжы з Беларуссю будуць пабудаваны абарончыя ўмацаванні.
 .
Лаўрынас Кашчунас. Фота: reform.news

«Мы ствараем балтыйскую лінію абароны сумесна з Латвіяй і Эстоніяй. Яна будзе інтэграваная з умацаваннямі, якія створыць Польшча ў рамках сваёй новай ініцыятывы.

Акрамя таго, мы многае зробім на мяжы ў рамках уласных літоўскіх нацыянальных рашэнняў. Перш за ўсё гэта тычыцца ўзвядзення ўчасткаў загарод, якія перашкаджаюць мабільнасці. Некалькі пунктаў на мяжы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю будуць грунтоўна абсталяваныя паркамі контрмабільнасці. Мы таксама плануем многія іншыя ўдасканаленні ў гэтым годзе. Праз месяц мы абвесцім больш канкрэтна, што будзе зроблена ў рамках літоўскага абароннага плана», – сказаў Лаўрынас Кашчунас журналісту Reform.news.

Літоўскі міністр абароны таксама адмоўна адказаў на пытанне адносна таго, ці ўспрымае Літва Беларусь і рэжым Аляксандра Лукашэнкі як самастойныя субʼекты.

«Абсалютна не. Гэта цалкам акупаваная тэрыторыя», – сказаў Лаўрынас Кашчунас.

Міністр абароны Літвы бярэ ўдзел у сустрэчы міністраў абароны краін NATO, якая пачалася 13 чэрвеня ў штаб-кватэры альянсу і працягнецца два дні. Паводле  генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга, міністры будуць абмяркоўваць тры асноўныя пытанні: забеспячэнне стабільнай, бесперапыннай у прадказальных абʼёмах дапамогі Украіне ў адбіцці расійскай агрэсіі, узмацненне абароннага патэнцыялу краін НАТА, а таксама ўмацаванне супрацоўніцтва з партнёрамі, якія не ўваходзяць у НАТА.

Чакаецца, што на сустрэчы будуць падрыхтаваныя рашэнні, якія будуць зацверджаны на саміце ў Вашынгтоне з 9 па 11 ліпеня.

вх