Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі прызналі Вячаслава Негадзенку, Аляксандра Іоду, Язэпа Дулебу, Анатоля Валадзько, Аксану Ляпко палітвязнямі і запатрабавалі іх вызвалення.
«Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што зняволенне пад варту і далейшае пазбаўленне волі за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай ды палітычнай актыўнасці, салідарнасці, іншадумства і антываенных выступаў», – напісалі праваабаронцы ў сваёй заяве.
Ім стала вядома аб асуджэнні:
- Вячаслава Негадзенкі паводле арт. 361-1 КК па абвінавачванні ў арганізацыі або ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання – да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандра Іоды паводле арт. 342, 361-2 КК па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання – да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі,
а таксама аб заключэнні пад варту:
- Язэпа Дулебы паводле арт. 361-1 КК па абвінавачванні ў арганізацыі або ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання;
- Анатоля Валадзько паводле ч. 1 арт. 290-1 і арт. 361-2 КК па абвінавачванні ў фінансаванні тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам;
- Аксаны Ляпко паводле арт. 361-2 КК па абвінавачванні ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання.
Апрача згаданых асобаў, праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных ды спынення палітычных рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
IAR/аз