Беларуская Служба

Праваабаронцу Леаніда Судаленку завочна судзяць за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці

12.06.2024 14:29
Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года патрапіў пад крымінальны пераслед.
Леанід Судаленкаspring96.org

У Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня пачынаецца завочны суд над былым палітвязням, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Новая крымінальная справа ў фармаце спецвытворчасці была ўзбуджаная ў лістападзе 2023 года. Леаніда абвінавачваюць па частках 1 і 2 арт. 361-4 («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці«) Крымінальнага кодэкса.Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў, паведамляе «Вясна».

Леанід Судаленка – вядомы праваабаронца і юрыст, з’яўляўся кіраўніком Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён таксама адзін з першых праваабаронцаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года патрапіў пад крымінальны пераслед.

Леаніда Судаленку затрымалі раніцай 18 студзеня 2021 года па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У той жа дзень таксама была затрымана валанцёрка «Вясны« Марыя Тарасенка, а праз некалькі дзён затрымалі яшчэ адну валанцёрку – Таццяну Ласіца.

3 верасня 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля распачаўся працэс. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым паседжанні на працягу ўсяго разбіральніцтва. 3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. А ў кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін і выехаў з краіны. Пакінуўшы Беларусь ён адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на хутчэйшае вызваленне беларускіх палітвязняў.

Ужо знаходзячыся за мяжой Леанід даведаўся пра ўзбуджэнне супраць яго спецыяльнай вытворчасці. 1 лістапада 2023 года Гомельскі раённы СК узбудзіў новую крымінальную справу. Леаніду інкрымінаваныя часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

аз