Беларуская Служба

З якімі пакупкамі польскія мытнікі могуць не пусціць у Беларусь

07.07.2024 18:11
«Медыязона» вывучыла спіс і правілы вывазу тавараў з ЕС.
  -
КПП Тэрэспаль -БрэстКрыніца: podlasianin.com.pl

Абмежаванні звязаны з новым пакетам санкцый, які ЕС увёў супраць Расіі і Беларусі 29 чэрвеня. Дакумент змяшчае пералік тавараў на больш як 200 старонак.

Забарона на тавары, якія «ўмацоўваюць прамысловы патэнцыял Беларусі»

У абноўленым дакуменце з'явіўся новы артыкул 1b; у ім гаворыцца аб забароне прадаваць, пастаўляць, перадаваць ці экспартаваць тавары, якія могуць «умацаваць беларускі прамысловы патэнцыял». Забарона распаўсюджваецца на фізічных і юрыдычных асоб, а таксама на любыя беларускія арганізацыі.

Спіс прадукцыі, які можа ўмацаваць беларускі прамысловы патэнцыял, вельмі вялікі. Сярод тавараў – шпалеры, нажы, смартфоны, кардон, пральныя машыны, маніторы, фарба, шпаклёўка, і інш.

У той жа час у новым артыкуле ёсць пункт 11, згодна з якім забарона не прымяняецца да тавараў неваеннага выкарыстання. Гэта значыць, што калі вы вязеце дзесяць рулонаў шпалер для сваёй спальні, а не для поклейкі казармаў, гэта значыць, што забарона на вас не распаўсюджваецца.

Санкцыі закранулі і ўвоз прадметаў раскошы

Да такіх ЕС адносіць, напрыклад, труфелі, ікру, цыгары, цыгарылы і дываны даражэй за 300 еўра. Таксама сюды ўвайшла і некаторая электроніка даражэй за 1 тысячу еўра. Напрыклад, фотаапараты ці апаратура для радыё. Таксама забаронены ўвоз аўтамабіляў даражэй за 50 тысяч еўра.

Новыя абмежаванні закранулі тавары, якія ўвозяцца ў Еўрасаюз

ЕС забараніў набыццё і імпарт тавараў, якія дазваляюць Беларусі «дыверсіфікаваць крыніцы даходаў, спрыяючы ўдзелу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны». Пад гэтыя забароны патрапіла таксама шмат тавараў, у тым ліку шампуні, мыла і інш.

Тым не менш для асабістага карыстання ці для сваякоў усе гэтыя тавары везці можна.

Зыходзячы з дакумента беларусы могуць і надалей увозіць тавары з «санкцыйнага» спісу, калі яны не прызначаныя для вайсковых мэтаў. Як гэта даказаць – незразумела.

Для ўвозу аўтамабіляў даражэй за 50 тысяч еўра і з абʼёмам рухавіка больш за 1.9 л, напрыклад, увялі дадатковыя дакументы. Зараз у чалавека павінна быць даведка ад аўтавытворцы, што ён ведае, хто зʼяўляецца канчатковым пакупніком машыны і што ён не супраць пастаўкі аўто ў паказаную краіну. Таксама патрэбныя плацежныя дакументы, якія пацвярджаюць пакупку.

У чатах, прысвечаных праходжанню мяжы, некалькі чалавек напісала, што сёння польскія мытнікі не даглядалі багажу.

«Рэчы не глядзелі. Два чалавекі яшчэ спрабуюць і «VAT» аформіць. Мытнік усё прапусціў. Тэхнікі ў іх не было. Кава і ўсякая дробязь».

«Медыязона» вылучыла са спісу пакупкі, пры вывазе якіх у польскіх мытнікаў могуць узнікнуць пытанні – да іх прызначэння:

- перакіс вадароду,
- расліны,
- супрацьтрывожныя і супрацьэпілептычныя лекі (напрыклад, клоназепам, алпразолам, флуразепам і гэтак далей),
- будаўнічыя матэрыялы (лакі, фарбы, эмалі, шпаклёўкі, камень, мінеральная вата, чарапіца, азбест, цэгла, керамічная плітка і гэтак далей),
- бензін, дадаткі для бензіну, прэпараты супраць карозіі, антыфрыз, тармазныя вадкасці,
- бідэ, унітазы,
- новыя шыны для аўтобусаў, грузавікоў і транспарту, які выкарыстоўваецца ў прамысловасці, а таксама адноўленыя шыны для любога транспарту,
- драўніна (фанера, драўляныя бочкі і бэлькі, лісты ДВП і гэтак далей),
- вырабы з паперы і кардону, у тым ліку шпалеры, каробкі, крафтавая папера,
- тканіны з воўны, бавоўны і сінтэтыкі,
- адзенне і коўдры, у тым ліку галаўныя ўборы і абутак,
- духоўкі, машыны для сушкі і хімчысткі,
- электрычныя пераносныя лямпы,
- смартфоны, мікрафоны, гучнагаварыцелі,  апаратура для запсу гуку і апаратура для радыёвяшчання, тэлевізійныя камеры, лічбавыя фотаапараты і відэакамеры,
- абʼектывы для фотаапаратаў, біноклі, кінакамеры, праектары, компасы.

яс