Беларуская Служба

Бізнэсоўцу і кіраўніка рэспубліканскага турыстычнага саюза асудзілі за супрацу з літоўскімі спецслужбамі 

15.07.2024 08:13
Інтэрв'ю з Мірскім запісана ў сценах калоніі, што магло паўплываць на тое, што ён кажа на камеру.
 .
Аляксандр Мірскі. Скрын відэа АНТ

Аляксандр Мірскі быў бізнэсменам у сферы турызму, узначальваў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый. У сюжэце АНТ сцвярджаюць, што ён працаваў на літоўскія спецслужбы.

«Я прыехаў у студзені 2015 года на форум, садзіўся ў машыну, і мяне жорстка прынялі супрацоўнікі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы. Пасля чаго мяне правялі ў гасцініцу, забралі ўсе тэлефоны, была даволі доўгая гутарка. На гэтай гутарцы я падвергнуўся шантажу, у тым ліку бізнэсам, маёй сям'ёй і ўсім астатнім. І я выбраў супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй», — распавёў на камеру Мірскі, які цяпер сядзіць у калоніі №22 у Івацэвічах («Воўчыя норы»).

Пасля гэтага ён, па версіі прапаганды, сустракаўся з супрацоўнікамі спецслужбы два-тры разы на год у Літве, перадаваў ім інфармацыю («на больш чым 100 асоб»). 

У выніку Мірскі трапіў у поле зроку КДБ Беларусі. Пры ператрусе, як сцвяджаецца ў сюжэце, у яго знайшлі замежную валюту, сродкі сувязі, а таксама зброю. Мірскага асудзілі паводле арт. 356 «Здрада дзяржаве» да 7,5 года пазбаўлення волі.

Інтэрв'ю з Мірскім запісана ў сценах калоніі, што магло паўплываць на тое, што ён кажа на камеру.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі асудзілі таксама былога галоўнага доктара санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі Андрэя Кобеля і яго падначаленую Алену Раманаўскене. Іх таксама абвінавацілі ў шпіянажы і перадачы інфармацыі літоўскім спецслужбам. Кобелю далі 9 гадоў пазбаўлення волі, Раманаўскене — 6 гадоў.

nashaniva.com/эж