Беларуская Служба

Стала вядома, які радок займае Беларусь у візавым рэйтынгу пашпартоў

25.07.2024 19:02
Усе суседзі Беларусі яе значна апярэджваюць.
Беларускі пашпартфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/нг

Міжнародная кампанія Henley & Partners, якая вядзе індэкс пашпартоў свету па колькасці бязвізавых напрамкаў, абнавіла свой рэйтынг. Індэкс заснаваны на эксклюзіўных і афіцыйных дадзеных Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA).

Узначальвае рэйтынг Сінгапур, з пашпартам якога можна наведаць без візы 195 краін свету, паведамляе «Наша Ніва».

Другі радок занялі адразу пяць краін: Францыя, Германія, Італія, Іспанія і Японія – у іх па 192 бязвізавыя напрамкі.

Далей са 191 бязвізавым кірункам ідуць Аўстрыя, Фінляндыя, Ірландыя, Люксембург, Нідэрланды, Паўднёвая Карэя і Швецыя.

Беларусь з 81 бязвізавым кірункам займае 61-е месца, дзелячы яго з Намібіяй.

Усе суседзі яе значна апярэджваюць. Польшча на 6-м месцы са 188 бязвізавымі кірункамі, Літва – на 9-м са 185, Латвія – на 10-м са 184, Украіна – на 30-м са 148, Расія – на 45-м са 116.

Замыкаюць спіс Пакістан і Емен з 33 бязвізавымі краінамі, Ірак з 31, Сірыя з 28 і Афганістан з 26.

вс