Беларуская Служба

Польшча не плануе забараняць уезд машын з беларускімі нумарамі

06.08.2024 16:10
Польскі ўрад не хоча, каб санкцыі білі па простых беларусах.
ІлюстрацыяФота: CC0 Domena publiczna https://pxhere.com/pl/photo/1044788

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Анджэй Шэйна паведаміў у эфіры PolskieRadio24, што ўрад не збіраецца забараняць уезд машын з беларускімі нумарамі.

«Мы не будзем забараняць уезд асабістых аўтамабіляў беларусаў, хоць маглі б гэта зрабіць. Мы размяжоўваем рэжым і грамадства. Мы не хочам, каб санкцыі, якія павінны біць па рэжыме, ударылі па простых людзях. Упэўнены, большасць беларусаў хацелі б жыць у дэмакратычным, заходнім грамадстве», — выказаўся намеснік кіраўніка МЗС Польшчы.

Намеснік міністра адзначыў, што ў Польшчы ёсць інструменты ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку магчымае ў крайнім выпадку закрыццё мяжы для тавараў, што ўдарыла б па гаспадарцы Беларусі, а таксама закранула б інтарэсы Кітая.

Аўто з беларускай рэгістрацыяй могуць уязджаць у Польшчу ў выпадку, калі ў салоне знаходзіцца ўладальнік машыны.

Латвія і Эстонія цалкам забаранілі ўезд аўто з беларускімі нумарамі (Рыга пры гэтым дапускае некаторыя выключэнні), з 16 жніўня аналагічная забарона запрацуе і ў Літве.

Раней міністр унутраных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі таксама казаў у размове з Паўлам Латушкам, што Польшча не плануе забараняць уезд беларускіх асабістых аўто.

вх