Беларуская Служба

«Нам з вамі трэба развіваць усё вонкі» - Святлана Ціханоўская да Дня салідарнасці з Беларуссю

09.08.2024 11:41
Прэзідэнтка-элект Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды 4-й гадавіны пратэстаў у Беларусі 2020 г.
Святлана Ціханоўскаяhttps://www.youtube.com/watch?v=OXEMd1uRe8s

«Чатыры гады таму адбыліся падзеі, якія памянялі нашую краіну, і памянялі нас з вамі. Я памятаю тую неймаверную энергетыку на плошчах. Мы ўсе верылі ў хуткія перамены. Нам здавалася, што вось-вось, дыктатура рухне, і мы зможам пабудаваць краіну, пра якую так доўга марылі і за якую змагаліся», сказала Святлана Ціханоўская.

Лідарка дэмакратычнай апазіцыі падзякавала беларусам унутры краіны за смеласць і за цярплівасць. Яна адзначыла, што не просіць іх рызыкаваць. «Цяпер той час, калі трэба зберагчы сябе», адзначыла яна.

Ціханоўская падкрэсліла, што пакуль унутры краіны немагчымыя актыўныя дзеянні, задача - беларусам за мяжой.

- Ад дыяспары залежыць, ці зможам мы падтрымаць нашых палітвязняў, развіваць свае незалежныя медыя, арганізоўваць марафоны салідарнасці, падтрымліваць Беларусь на парадку дня. Вы многа ўжо робіце, але мы разам можам яшчэ больш. Нам трэба адмовіцца ад думкі, што прыйдзе нейкі місія і выратуе нас. Такога не будзе. Мы павінны ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны. Ніхто акрамя нас з вамі не прынясе Беларусі свабоды і не вырашыць нашых праблем.

Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў дзейнічаць зладжана і нікому не дазволіць пасварыць дыяспару паміж сабою.

«Давайце зробім усё магчымае, каб гэты мур рухнуў, як і ўся гэта бесчалавечная сістэма. А для гэтага – трэба працаваць з саюзнікамі. (...) Разам мы ўсё адолеем і абавязкова завяршым тое, што пачалі ў 2020-м», завяршыла зварот дэмакратычная лідарка беларусаў.

яс