Паводле афіцыйнага Кіева, узброеныя сілы Беларусі «пад выглядам вучэнняў канцэнтруюць значную колькасць асабістага складу, узбраенняў і вайсковай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыі, зенітных ракет, сродкаў супрацьпаветранай абароны і інжынерных сродкаў.
У МЗС Украіны адзначылі, што беларускія войскі дыслакуюцца ў Гомельскай вобласці каля паўночных межаў Украіны. Таксама там была заўважаная прысутнасць наймітаў былой ПВК «Вагнер».
Указваецца, што правядзенне вучэнняў у памежнай зоне і ў непасрэднай блізкасці ад аб’екта ядзернай энергетыкі, Чарнобыльскай АЭС, «стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспецы ў цэлым».
«Заклікаем афіцыйных асоб Рэспублікі Беларусь не рабіць трагічных памылак для ўласнай краіны пад ціскам Масквы, а яе ўзброеныя сілы — спыніць недружалюбныя дзеянні і адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы Украіны на адлегласць, якая перавышае дасяжнасць сістэм агню, наяўных у Рэспубліцы Беларусь», — падкрэслілі ў МЗС Украіны.
У ведамстве адзначылі, што ў выпадку парушэння Беларуссю дзяржаўнай мяжы, Украіна «прыме ўсе неабходныя захады для рэалізацыі права на самаабарону, гарантаванага Статутам ААН», а таксама ўсе канцэнтрацыі войскаў, вайсковых аб’ектаў і маршруты забеспячэння па тэрыторыі Беларусі «будуць законнымі аб’ектамі для Узброеных сіл Украіны».
18 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы перакінулі да мяжы з Украінай амаль траціну сваёй арміі. На такі крок, паводле яго, прыйшлося пайсці, бо Кіеў нібыта не толькі «трымае каля межаў зь Беларуссю больш за 120 тысяч вайскоўцаў», але і перакінуў дадатковыя сілы, заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму дзяржаўнаму тэлеканалу «Россия-1».
Радыё Свабода
нг