Беларуская Служба

Мінабароны Беларусі анансавала зборы ваеннаабавязаных ля мяжы з Польшчай

02.09.2024 11:47
Мэта збору — «павысіць навыкі службовых асоб раённага выканаўчага камітэта ў фарміраванні воінскіх часцей тэрытарыяльных войскаў, а ваеннаабавязаных - у выкананні задач па прызначэнні». 
Беларускія вайскоўцы на вучэнняхкрыніца: Міністэрства абароны Беларусі

Міністэрства абароны Беларусі правядзе навучальны збор з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці з 3 па 27 верасня. 

Паведамляецца, што мэта збору — «павысіць навыкі службовых асоб раённага выканаўчага камітэта ў фарміраванні воінскіх часцей тэрытарыяльных войскаў, а ваеннаабавязаных - у выкананні задач па прызначэнні». 

У ходзе збору Мінабароны плануе прыём ваеннаабавязаных тэрытарыяльных войскаў і іх усебаковае забеспячэнне з выкарыстаннем рэсурсаў мясцовай базы мабілізацыйнага разгортвання; аднаўленне навыкаў каманднага складу ў кіраванні падначаленымі; падрыхтоўка ваеннаабавязаных да выканання задач у адпаведнасці з ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі і службовым прызначэннем. 

Камянецкі раён мяжуе з Польшчай. У гэтым месцы з польскага боку праходзіць вялікая частка буфернай зоны (узмацненне мяжы вайскоўцамі і частковая забарона на наведванне памежнай зоны). Буферная зона была ўведзеная 13 чэрвеня ў адказ на актывізацыю мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, паведамляе «Белсат».

вс