Беларуская Служба

У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаў

05.09.2024 08:10
Як паведамляецца, злоўлены агент «меў самыя шырокія інтарэсы», пачынаючы ад збору інфармацыі і заканчваючы здымкай вайсковай інфраструктуры.
У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаўСкрыншот з відэа

На тэлеканале «Беларусь 1» анансавалі фільм пра тое, што ў Беларусі злавілі агента спецслужбаў Японіі, паведамляе «Наша Ніва».



Падкрэсліваецца, што дзейнасць японскіх спецслужбаў спыненая «ўпершыню ў гісторыі Беларусі», а злоўлены агент «меў самыя шырокія інтарэсы, пачынаючы ад збору інфармацыі пра сацыяльна-палітычнае становішча ў Беларусі, рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» і заканчваючы тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы, здымкай вайсковай інфраструктуры».

У кароткім відэаанонсе японец называе свае імя і прозвішча Наканісі Масатосі. Раней чалавек з такімі персанальнымі звесткамі выкладаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны японскую мову.

У адным з матэрыялаў на сайце Гомельскага ўніверсітэта за 2021 год чалавек з такім іменем і прозвішчам фігуруе як дырэктар ТАА «БелНіхонінтэрнэшнл», зарэгістраванага ў снежні 2019 года. У 2020 годзе ён у такой якасці гаварыў, у прыватнасці, пра «перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Японіяй і Магілёўскім раёнам». Ёсць таксама звесткі пра ягоную падобную дзейнасць у іншых беларускіх рэгіёнах. «БелНіхонінтэрнэшнл» было ліквідавана ў красавіку 2022.

Жонка Масатосі, як ён паведамляў у інтэрв'ю для ГДУ, родам з Гомеля.

Факт затрымання 50-гадовага японца ў Беларусі «9 ліпеня за меркаванае парушэнне беларускага заканадаўства» пацвердзіла 4 верасня тэлеканалу NHK амбасада Японіі ў Мінску.

5 верасня гэтую інфармацыю пацвердзіў журналістам галоўны сакратар Кабінета міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі. Паводле яго слоў, японскі консул сустрэўся з затрыманым, урад «аказаў яму максімальную падтрымку, у тым ліку звязаўся з яго сваякамі».

аз

Беларускі вайсковы кантынгент прыбыў у Кіргізскую Рэспубліку на вучэнні ў рамках АДКБ

04.09.2024 14:01
Манеўры пройдуць на палігоне навучальнага цэнтра «Эдэльвейс» Узброеных Сіл Кiргiзстана.