Пра гэта паведамляе прэс-служба Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Матэрыялы перададзены па просьбе і на падставе дакументаў, падрыхтаваных НАУ.
«Гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі — бо зроблены першы і на сёння самы важны крок на шляху дасягнення справядлівасці для беларускага народа, для сотняў тысяч ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці, якія ўчыняюцца дыктатарам Лукашэнкам і яго памагатымі», — заявіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Збор і падрыхтоўку дакументаў аб злачынствах беларускай улады каманда НАУ пачала з красавіка 2023 года. У ліпені 2023-га экспертамі НАУ ў партнёрстве з Цэнтрам права і дэмакратыі Justice Hub была падрыхтаваная «шырокая справаздача з выкладаннем фактаў злачынстваў, доказаў іх здзяйснення, з выкладаннем інструментаў па прыцягненню да адказнасці вінаватых у дадзеных злачынствах».
Сцвярджаецца, што частка гэтых злачынстваў мелі «транспамежны характар» — яны здзяйсняліся як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін — удзельніц Рымскага статута МКД.
Сабраныя дакументы ў наступным былі перададзеныя Міністэрству юстыцыі Літвы. «Літоўскі бок прыйшоў да адназначнай высновы — дастаткова падстаў меркаваць, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі здзяйсняюць злачынствы супраць чалавечнасці», — адзначылі ў НАУ.
30 верасня ўрад Літвы перадаў матэрыялы ў Гаагу, дапоўніўшы іх «міжнароднай экспертызай», мяркуецца, што пасля гэтага будзе распачатае расследаванне. У НАУ звярнулі ўвагу, што «толькі ўрад краіны-ўдзельніцы Рымскага статута можа рабіць такія крокі».
«У выніку ўпершыню ў гісторыі МКД дзяржава-ўдзельніца перадае сітуацыю, якая мае месца ў тым ліку на тэрыторыі краіны, якая не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута», — падкрэслілі ў НАУ.
У пракурора МКД «упершыню з’явілася магчымасць расследаваць сітуацыю са злачынствамі супраць чалавечнасці ў беларускім кантэксце», удакладнілі ў Народным антыкрызісным упраўленні.
Там таксама адзначылі, што сёння ў судзе ў Гаазе знаходзяцца «факты па трох відах злачынстваў, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі: дэпартацыя, пераслед беларусаў за мяжой і іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці».
Тэрмін «дэпартацыя», паводле слоў прадстаўнікоў арганізацыі, ужыты, паколькі рэжым Лукашэнкі «вымусіў грамадзянскае насельніцтва пакінуць тэрыторыю Беларусі, стварыўшы атмасферу страху і тэрору з дапамогай негуманнага, жорсткага і зневажаючага годнасць абыходжання, палітычна матываванага пазбаўлення волі, катаванняў, згвалтаванняў, забойстваў, пазбаўлення фундаментальных правоў і іншых відаў злачынных дзеянняў».
«Паводле справаздачы 2023 года Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і ацэнкі ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека 2024 года, [з 2020 года] каля 300 тыс. Беларусаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Гэта прыкладна 3,5% ад агульнага насельніцтва краіны. Лічбы сапраўды страшныя. Што пацвярджае значны маштаб злачынстваў. Большасць ахвяр дэпартацыі знаходзіцца ў Літве і Польшчы. У сувязі з чым быў бы асабліва важны аналагічны крок польскага боку, дзе знаходзіцца большасць ахвяр», — заяўляе НАУ.
Пад «пераслед беларусаў за мяжой», адзначае каманда Латушкі, падпадае «сукупнасць дзеянняў рэжыму Лукашэнкі»:
- пагрозы жыццю і здароўю;
- пераслед сваякоў у Беларусі;
- пазбаўленне ўласнасці;
- завочныя і палітычна матываваныя прысуды ў парушэнне стандартаў правядзення такіх працэсаў;
- пазбаўленне доступу да базавых дзяржаўных паслуг;
- атака пэўнай групы людзей па дыскрымінацыйных падставах;
- выкарыстанне мовы нянавісці.
«Чыноўнікі, звяртаюся да вас. Многіх з вас робяць шрубкамі ў велізарным злачынным, рэпрэсіўным механізме рэжыму Лукашэнкі. Вы бачыце толькі частку карціны, вас пераконваюць у тым, што нічога страшнага насамрэч не адбываецца. Але адбываецца сапраўдны жах. „Вярхушка“ Лукашэнкі, здзяйсняючы злачынствы супраць чалавечнасці, вас выкарыстоўвае. Вам трэба не дапамагаць ім, а бегчы ад іх. За гады свайго кіравання Лукашэнка сфарміраваў дзяржаўную машыну масавых рэпрэсій. У гэтым заключаецца яго дзяржаўная палітыка — палітыка пераследаў, дыскрымінацыя нязгодных, чысткі грамадства. У сённяшнюю „вярхушку“, якая фарміруе і рэалізуе дадзеную палітыку рэжыму, уваходзяць Лукашэнка, Карпянкоў, Церцель, Качанава, Караеў, Кубракоў, Швед, Гара, Хаменка, Эйсманты, Азаронак, Мукавозчык і іншыя. І яны паўстануць перад судом», — сказаў Латушка.
У НАУ заклікалі іншыя дэмакратычныя краіны ўзяць прыклад з Літвы. «Цягнік „Мінск — Гаага“ з пасажырам Лукашэнкі крануўся, і яго ўжо ніхто не спыніць. Лукашэнка і яго паплечнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці. Нам важная падтрымка як мага большай колькасці краін, каб адказнасць наступіла як мага раней. Мы ўпэўненыя, што гэта прывядзе да ордэра на арышт Лукашэнкі», — адзначае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
У арганізацыі выказалі ўдзячнасць ураду Літвы, у прыватнасці, намесніку міністра юстыцыі Габіі Грыгайтэ-Даўгірдэ, а таксама прадстаўніку краіны па міжнародна-прававой адказнасці Рычарду Дзіковічу.
НАУ падзякавала за падтрымку таксама дэпутату Еўрапейскага парламента Дайнюсу Джалімасу і Цэнтру права і дэмакратыі Justice Hub (Літва).
Каманда Латушкі заклікала міжнародную супольнасць падтрымаць працу Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі (iapb) і арганізацый, якія туды ўваходзяць: праваабарончага цэнтра «Вясна», Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, арганізацыі redress (Вялікабрытанія), dignity (Данія).
«Пасля дэмакратычных зменаў Беларусь стане паўнавартасным удзельнікам сістэмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя. Гэта гарантуе, што ні адзін міжнародны злачынец не зможа схавацца ад адказнасці ў дэмакратычнай, незалежнай, еўрапейскай Беларусі», — заяўляе НАУ.
вх