Беларуская Служба

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі

05.10.2024 18:05
Айцец Андрэй Юхневічкрыніца: Katolik.lifе

На ксяндза Анджэя Юхневіча, які знаходзіцца ў зняволенні з 8 мая 2024 года, працягваюць рабіць моцны ціск, паведамляе «Хрысціянская візія». 

Раней святару ўжо даводзілася зведаць катаванні і пагрозы: яго трымалі ў адмыслова невыносных бытавых умовах - першы раз наведаць душ дазволілі толькі пасля двух месяцаў знаходжання за кратамі. 

Цяпер жа святару пагражаюць, што яму могуць выставіць фэйкавыя абвінавачанні, звязаныя са «злачынствамі супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых» - прасцей кажучы, педафіліяй. 

«Хрысціянская візія» адзначае, што з падобнага кшталту пагрозамі сутыкаліся і іншыя служыцелі Каталіцкага касцёла ў Беларусі, аднак у выніку ніхто нічога не даказаў. Аднак сам факт выстаўлення такіх абвінавачванняў можа прывесці да разбурэння рэпутацыі чалавека. 

Ксёндз Анджэй Юхневіч - святар ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, пробашч дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шуміліна, кіраўнік каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Ягоная рэпутацыя ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі бездакорная.

Ксёндз займае прынцыповую пазіцыю і за кратамі, абскарджваючы пастановы адносна свайго арышту. Гэта, відаць, і стала прычынай таго, што пераслед у дачыненні да яго з адміністратыўнага перайшоў у крымінальны, паведамляе рэсурс. 

Анджэя Юхневіча затрымалі 8 мая і спачатку прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за размяшчэнне ў «Фэйсбуку» выявы бела-чырвонага-белага і ўкраінскага сцягоў. Яго арыштавалі на 15 сутак, і з таго часу на свабоду ён так і не выйшаў. Святару некалькі разоў давалі па 15 сутак. 

У пачатку ліпеня стала вядома, што Анджэя Юхневіча пераводзяць з ІЧУ, дзе ён адбываў арышты агульнай працягласцю амаль два месяцы, у СІЗА. Супраць святара распачатая крымінальная справа. Дагэтуль застаецца невядомым, што менавіта яму інкрымінуецца. 

Разам з Анджэем Юхневічам быў спачатку затрыманы і іншы шумілінскі святар, Павел Лемех, але яго пасля адбыцця сутак паводле адміністрацыйнага артыкулу неўзабаве выпусцілі.

вс