4 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля разгледзелі адміністрацыйную справу датычна жыхара абласнога цэнтра Васіля Чарнякова. Яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць.
Менавіта так інтэрпрэтуе рэалізацыю права на свабоду выказвання меркаванняў, гарантаванае артыкула 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, карная сістэма Беларусі. Гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымлiваць і распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў.
Але ў Беларусі за яго ажыццяўленне караюць паводле часткі 2 артыкула 19.11 КабАП. Якраз адміністрацыйная справа паводле гэтага артыкула і разглядалася датычна царкоўнага чыноўніка. Выканаў рэпрэсію прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі Дзяніс Дрэбязаў. Сутнасць абвінавачванняў і накладзенае спагнанне высвятляюцца.
Васіль Чарнякоў працуе загадчыкам канцылярыі Гомельскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускага экзархату Расійскай праваслаўнай царквы. Таксама ён з'яўляецца захавальнікам унікальных абразоў, якія зберагаюцца ў храме-музеі пры епархіі. Пад каток палітычных рэпрэсій цяпер трапляюць і высокапастаўленыя супрацоўнікі расійскай царквы - піша праваабарончы сайт "Гомельская вясна".