Беларуская Служба

Amnesty International згадвае Беларусь як апошнюю краіну ў Еўропе, дзе выконваюць смяротнае пакаранне

10.10.2024 13:08
У Еўропе летась ніхто не быў пакараны смерцю.
Плакат кампаніі "Скажы НЕ смяротнаму пакаранню"dp.spring96.org

Летась смяротнае пакаранне прыводзілася ў выкананне толькі ў 16 краінах свету, але колькасць пакараных смерцю была самай высокай амаль за дзесяць гадоў, галоўным чынам з-за Ірана і Саудаўскай Аравіі, паведаміла К'яра Санджорджа (Chiara Sangiorgio), эксперт Amnesty International (AI).  

113 краін і тэрыторый свету адмянілі смяротнае пакаранне за ўсе віды злачынстваў. Нядаўна да гэтай групы далучылася Замбія, дзе ў канцы 2022 года было абвешчана аб адмене смяротнага пакарання. AI зафіксаваў 1153 пакаранні смерцю ў мінулым годзе, на 31% больш, чым годам раней. Колькасць людзей, пакараных смерцю за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, павялічылася, асабліва ў Іране і Саудаўскай Аравіі. Большасць пакаранняў адбываецца ў Кітаі, але ўлады гэтай краіны, як і ўрады В'етнама і Паўночнай Карэі, не раскрываюць інфармацыю на гэтую тэму, за выключэннем некаторых выпадкаў.

Сёння ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. У Еўропе летась ніхто не быў пакараны смерцю. Адзіная краіна на кантыненце, якая на практыцы прымяняе смяротнае пакаранне, гэта Беларусь — апошняе вядомае пакаранне адбылося там у 2022 годзе. Аднак у апошнія гады з'явіліся галасы палітыкаў і апытанні, якія сведчаць аб павелічэнні грамадскай падтрымкі аднаўлення смяротнага пакарання ў некаторых краінах ЕС, у тым ліку, у Францыі, а таксама ў Вялікабрытаніі.

«Сапраўды выклікае трывогу тое, што грамадская думка ў некаторых еўрапейскіх краінах скіравалася ў бок аднаўлення смяротнага пакарання і што некаторыя палітычныя партыі згадваюць пра гэта. Тым не менш, Еўропа па-ранейшаму абаронена сваёй моцнай сістэмай правоў чалавека», - сказала Мелін Шварцберг (Meline Szwarcberg) з Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання, звяртаючы ўвагу на міжнародныя пагадненні, якія дзейнічаюць, асабліва ў ЕС.

PAP/нг