Сваякам беларусаў, якія з'ехалі з краіны, сталі прыходзіць лісты з прапановай пераканаць тых, хто з'ехаў, звярнуцца ў «камісію па вяртанні». Пра гэта стала вядома гродзенскім праваабаронцам.
У лістах гаворыцца, што тыя, хто выехаў, павінны назваць прычыну ад'езду, расказаць пра свае правапарушэнні, а калі мела месца злачынства, то «выказаць раскаянне, публічна папрасіць прабачэння і аплаціць шкоду».
Праваабаронцы з «Вясны» нагадваюць пра асаблівасці супрацоўніцтва з гэтай камісіяй. Вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі, нягледзячы на «дамоўленасці», пасля звароту ў «камісію па вяртанні» супраць беларусаў ужо дома распачыналі крымінальныя справы. У цэлым, паводле інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя каля 60 чалавек. У дачыненні да 17 з іх распачалі крымінальныя справы.
Пасля пратэстаў 2020 года і з-за рэпрэсій краіну пакінулі сотні тысяч чалавек. Абвастрылася сітуацыя на рынку працы. Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі шукаюць спосабы вярнуць назад тых, хто з'ехаў. Для гэтага ў лютым 2023 года і стварылі камісію. Пры гэтым чыноўнікі старанна пазбягаюць пытання пра тое, колькі чалавек да іх ужо звярнулася. У верасні 2023 года пракурор Андрэй Швед казаў пра 100 заявак, паведамляе «Еўрарадыё».
вс