Суд у Рэчыцы дадаў палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк адзін год і адзін дзень зняволення (гэта не адбыты дзень з былога прысуду). Яе судзілі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Яшчэ адзін год зняволення для жанчыны запрасіў пракурор Яўген Малалетнікаў, а суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў год зняволення Шарэнда-Панасюк, падтрымаў, паведамляе «Еўрарадыё».
Паліна Шарэнда-Панасюк – грамадская актывістка з Брэста, якая трапіла за краты ў студзені 2021 года. У чэрвені таго ж года яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў «гвалце» ў дачыненні да міліцыянераў і іх «абразе», а таксама ў «абразе Лукашэнкі». Пазней яе яшчэ двойчы судзілі за «непадпарадкаванне» адміністрацыі калоніі. Агульны прысуджаны ёй тэрмін склаў чатыры гады пазбаўлення волі. У красавіку 2024-га прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з палітзняволенай: яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Паліна мела выйсці на волю 21 траўня 2024 года, але яе перавялі ў гомельскае СІЗА і трэці раз абвінавацілі ў «непадпарадкаванні».
На волі Паліну Шарэнда-Панасюк чакаюць двое сыноў.
вс