Трохпакаёвая кватэра Валерыя Цапкалы з’явілася на электронным аўкцыёне «БелЮрЗабеспячэнне», дзе прадаецца канфіскаваная маёмасць. Мінская кватэра на вуліцы Чарнышэўскага, 5 выстаўленая на продаж разам з машынамесцам у падземнай стаянцы.
Плошча жылля складае 103,7 квадратных метраў. Пачатковы кошт – 358 тыс. 442 руб. 20 кап. Аўкцыён пройдзе 27 лютага, паведамляе «Белсат».
У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. У апісанні гаворыцца, што жыллё абсталяванае ўбудаванымі шафамі, кандыцыянерам, кухонным гарнітурам, выцяжкай і варачнай панэллю.
У якасці даўжніка пазначаны Цапкала Валерый Вільямавіч.
Валерый Цапкала – былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў. Ён спрабаваў высунуцца кандыдатам на прэзідэнта падчас выбараў 2020 года, аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі. У ліпені 2020 года ён пакінуў Беларусь, а да палітычнай барацьбы далучылася ягоная жонка Вераніка Цапкала. Яна ўвайшла ў аб'яднаны штаб разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай.
У красавіку 2023 года Валерыя Цапкалу завочна пакаралі 17 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Выпадак з маёмасцю Цапкалы - не першы. У лютым 2023 года на аўкцыёне зʼявілася кватэра Святланы Ціханоўскай і яе мужа Сяргея. Іх кватэру прадалі з трэцяй спробы, бо не адразу знайшліся пакупнікі.
На аўкцыён з маёмасцю Цапкалы звярнулі ўвагу журналісты парталу «Зеркало».
вс