У інтэрв'ю нямецкаму выданню BILD Святлана Ціханоўская расказала, што будзе рабіць у 2025 годзе, у якім пройдуць наступныя прэзідэнцкія выбары.
«У 2020 годзе наша рэвалюцыя была не аб мандаце на пяць гадоў. Наша рэвалюцыя была аб свабодных і сумленных выбарах. І людзі мне далі мандат да таго моманту, калі гэтыя выбары можна будзе арганізаваць.
Выбарны цыкл у Беларусі скончыўся ў 2020 годзе. І тое, што будзе арганізавана рэжымам Лукашэнкі ў 2025 годзе, не мае ніякіх адносін да выбарчага працэсу ўвогуле. Гэта будзе прызначэнне Лукашэнкам самога сябе. Гэта будзе цырк, рытуал нейкі такі савецкі. Але абсалютна не выбары.
У краіне, дзе лідары меркаванняў сядзяць у турме, дзе няма грамадзянскай супольнасці (яна знішчана), дзе свабодныя медыя былі вымушаныя з'ехаць і прызнаныя экстрэмісцкімі, дзе кожны дзень адбываюцца рэпрэсіі, каб не даць людзям права голасу, мы не можам увогуле гаварыць аб выбарах.
Таму, зразумела, Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе праводзіць гэты рытуал.
А мы, як дэмакратычны рух, проста будзем выкарыстоўваць гэтую сітуацыю для палітычнай мабілізацыі беларусаў», - расказала Святлана Ціханоўская.
Наша ніва/ав