Дзяржаўныя СМІ апублікавалі вынікі сацыялагічнага даследавання, якое нібыта праводзіў аналітычны цэнтр ЕсооМ у Беларусі. Гэта ўстанова, якая займаецца не сацыялогіяй, а інфармацыйным абслугоўваннем патрэб рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Сцвярджаецца, што рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне «У якой ступені вы давяраеце Лукашэнку?».
У выніку 80,4% апытаных нібыта адказалі «давяраю». Аднак паколькі ўлады імкнуцца прадэманстраваць, што падчас выбарчай кампаніі падтрымка Лукашэнкі павялічылася, то выніковыя лічбы мусяць быць большымі.
Прапагандыст Ігар Тур у сваім тэлеграм-канале спрагназаваў, што Лукашэнку напішуць на выбарах больш за 90%.
Паказальна, што падобнае пытанне — пра давер Лукашэнку — у 2020 годзе задаваў беларусам Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук. Тое даследаванне было закрытым, але яго вынікі трапілі ў інтэрнэт. Згодна з тым апытаннем, узровень даверу Лукашэнку ў Мінску складаў 24%. Тагачасны дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў пацвердзіў праўдзівасць лічбаў.
Крыніца: «Наша Ніва»/юл