Сваякі падследных у новым СІЗА, куды падследных перавялі з Валадаркі, вымушаны прыязджаць туды да 4-5 раніцы, каб паспець аддаць перадачу. Чарга можа заняць паўдня. «Медыязона» знайшла некалькіх сваякоў зняволеных і даведалася, што адбываецца з адпраўкай перадач.
Супрацоўнікі імкнуцца, але не спраўляюцца
Улетку гэтага года ўсіх падследных з ізалятара на Валадарскага ў Мінску перавялі ў новы будынак СІЗА - у Калядзічах, а дакладней у вёску Пашкавічы каля Калядзічаў, за 14 кіламетраў ад Мінска.
Як піша тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM, сітуацыя з перадачамі абвастраецца таксама з-за распачатага рамонту ў турме №8 у Жодзіне. Падследных, якія ўтрымліваюцца там, пераводзяць у СІЗА ў Калядзічах.
Мінімум двое зняволеных, якія паспелі там пабываць, чулі, што частка супрацоўнікаў звольнілася пасля пераезду СІЗА. Сваячка аднаго з падследных распавяла «Медыязоне», што ў ізалятары працуюць звычайна не ўсе акенцы для прыёму перадач, а толькі два-тры.
«Супрацоўніцы тамака вельмі добрыя і хутка ўсё прымаюць. Але я на перадачу ўсё роўна езджу да 4 раніцы, таму што вельмі шмат людзей», - кажа яна.
У пачатку месяца і перад святамі, каб раніцай быць на месцы і заняць чаргу, тым, хто не з Мінска, трэба выязджаць уначы.
«Я прыехала ў 4.55 і была 50-я ў чарзе. У суботу я нават не ведаю, што там будзе», - распавядае жанчына, якая перадавала перадачу ў будны дзень.
Па суботах горш за ўсё
У суботу ў ізалятар прыязджаюць тыя, хто з-за працы ці доўгай дарогі не можа прыехаць у будні.
«Я збіраюся ехаць у суботу і мне сказалі, што чаргу трэба займаць з пятніцы. Мінулы раз мы выехалі ў тры ночы, там былі ў пяць, і былі ўжо трыццатыя», - кажа сваячка зняволенага.
Яшчэ адна жанчына паведаміла, што прыехаўшы ў суботу да сямі раніцы, апынулася ў чарзе амаль 150-й.
Чакаюць у машынах і на вуліцы, бяруць з сабой раскладныя крэслы
Адкрыццё ізалятара сваякі, якія прыехалі, чакаюць на вуліцы ці ў машынах. І летам, і зараз. Памяшканне для прыёму перадач адчыняецца ў 8 раніцы - з гэтага часу можна чакаць усярэдзіне. Там ёсць крэслы і канапы, але многія прыязджаюць з ўласнымі складанымі стульчыкамі, таму што месцаў на ўсіх не хапае.
Адна са сваячак распавяла «Медыязоне», што такі "ажыятаж" ад тых, хто прыязджаюць сем'ямі, каб адправіць перадачу.
«Не адзін чалавек на перадачу, а натоўпам - вось і выходзіць, што месца ў памяшканні мала. Самі ствараюць чэргі і скардзяцца потым. Нешта можна адправіць поштай. І ніхто там, дарэчы, не галадае, іх жа кормяць. Можна грошы на рахунак пакласці, каб чалавек там мог, што яму трэба ў атаварцы купіць».
Іншагароднія едуць па некалькі гадзін у адзін бок
Сваячка аднаго з падследных з Магілёўскай вобласці расказала, што дарога ў адзін бок займае ў яе больш за тры гадзіны, таму перадачы яна возіць толькі адзін-два разы на месяц.
«Хацелася б часцей, але не атрымліваецца зусім», – кажа яна.
Жанчына з Брэста пісала ў чаце, што не можа прывозіць прадукты часцей, чым раз 2 разы на месяц, бо "дарога займае час і абыходзіцца нятанна".
Дапамагае пошта - без свежых прадуктаў, але і без чэргаў
Каб пазбегнуць чэргаў, нехта са сваякоў адпраўляе прадукты і рэчы поштай. Але садавіна ці гародніна, якіх няма ў рацыёне зняволеных, такім чынам перадаць нельга, бо гэта катэгорыя прадуктаў, якія хутка псуюцца.
«Я пра ўсё даведаюся праз адваката, яна кажа, што чэргі вельмі вялікія, і лепш па пошце. Мяркуючы па тым, што пішуць у чаце, чэргі да гэтага часу вялікія. Лісты даходзяць, пасылкі таксама, таму мы спраўляемся так», - распавяла «Медыязоне» сваячка зняволенага.
Медыязона/яс