Беларуская Служба

Больш за тысячу фур сабралася на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам

13.11.2024 10:32
Самы загружаны пункт пропуску – «Грыгароўшчына» («Патэрніекі») на беларуска-латвійскай мяжы.
Дзяржаўная мяжафота: gpk.gov.by

Вялізныя чэргі з фур сабраліся на межах Беларусі з Еўрасаюзам. Усяго магчымасці трапіць у ЕС з беларускага боку мяжы чакаюць 1 тыс. 40 вялікагрузаў, вынікае з паведамлення Дзяржаўнага памежнага камітэту. 

Самы загружаны пункт пропуску – «Грыгароўшчына» («Патэрніекі») на беларуска-латвійскай мяжы. Там сабралася ўжо 480 грузавікоў. Хутчэй за ўсё, кіроўцаў чакае яшчэ шмат гадзін у чарзе: за мінулыя суткі ў Латвію, паводле звестак ДПК, заехалі толькі 32 фуры, заўважае «Еўрарадыё». 

На другім месцы па загружанасці - пункт пропуску «Казловічы» («Кукурыкі») на беларуска-польскай мяжы. Там сваёй чаргі чакаюць 300 трэйлераў. За мінулыя суткі ў Польшчу заехала больш за 700 грузавікоў. 

З пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы самы загружаны – «Беняконі» («Шальчынінкай»). Там стаіць больш за 200 грузавых аўтамабіляў. За мінулыя суткі праз гэты пункт пропуску прайшлі 62 фуры. 

11 лістапада літоўская мытня ўвяла больш строгі кантроль на мяжы за вывазам з Еўрасаюза тавараў падвойнага прызначэння. Таварамі падвойнага прызначэння лічацца тыя, што могуць выкарыстоўвацца для ваенных дзеянняў або для вытворчасці прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах. Пад узмоцнены кантроль трапілі пераважна фірмы-экспарцёры, а не фізічныя асобы.

вс