Савет Еўропы і ўрад Літоўскай Рэспублікі падпісалі пагадненне аб стварэнні ў Вільні інфармацыйнага пункта Савета Еўропы для беларусаў.
«Гэта важны ўклад у нашу падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Інфармацыйны пункт будзе не толькі даваць інфармацыю пра Савет Еўропы і яго працу. Гэта знак надзеі для ўсіх тых, хто імкнецца да дэмакратычных каштоўнасцяў», — сказаў генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсэ.
«Я перакананы, што Інфармацыйны пункт для беларусаў у Вільні будзе адыгрываць ключавую ролю ў павышэнні інфармаванасці і ўмацаванні патэнцыялу ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права для пабудовы будучай дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі», - сказаў Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
Кантактная група Савета Еўропы па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, створаная намеснікамі міністраў у верасні 2022 года, збіраецца рэгулярна з мэтай забеспячэння падтрымкі і экспертызы Савета Еўропы для ўмацавання беларускай дэмакратычнай супольнасці ў адпаведнасці з асноўнымі каштоўнасцямі арганізацыі і яе дзейнасцю па прасоўванні правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратыі.
Інфармацыйны пункт будзе даваць інфармацыю аб рабоце, а таксама аб каштоўнасцях і прынцыпах Савета Еўропы народу Беларусі і падтрымліваць дзейнасць, якая праводзіцца ў Літве ў рамках плана дзеянняў, узгодненага Кантактнай групай. Адкрыццё Інфармацыйнага пункта з'яўляецца адным з прыярытэтаў літоўскага старшынства ў Камітэце міністраў.
Пагадненне падпісалі 13 лістапада намеснік генеральнага сакратара Савета Еўропы Б'ёрн Берге і міністр Габрыэлюс Ландсбергіс.
аз