Беларуская Служба

«Наша Ніва»: Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

14.11.2024 20:31
Муж першай намесніцы старшыні Мінгарвыканкама Надзеі Лазаравіч арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА, сама яна таксама прайшла праз затрыманне, піша «Наша Ніва».
 .
Надзея Лазарэвіч.bobrlife.by

Мужа Надзеі Лазарэвіч завуць Алег Сахно. Ён на чатыры гады маладзейшы за жонку. Пара разам з 2007 года, выхоўваюць дачку.

«Наша Ніва» са спасылкаю на некалькі крыніц паведамляе, што муж Лазарэвіч арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА. Надзею Лазарэвіч таксама затрымлівалі.

Па якім артыкуле абвінавачваюць Алега Сахно, невядома. Выданне мяркуе, што справа Алега Сахно можа быць звязана з карупцыяй. У маі 2023 года ён быў прызначаны начальнікам буйнога дзяржаўнага холдынгу «Белфармпрам», які ўключае ў сябе восем фармацэўтычных прадпрыемстваў. Але на высокай пасадзе пратрымаўся толькі год. Ужо 12 чэрвеня 2024 года калектыву прадставілі новага генеральнага дырэктара Ігара Мітрафанава разам з намеснікам. А фота Сахно і ягоных намеснікаў з сайта зніклі. 19 чэрвеня 2024 года - апошні дзень, калі той быў у анлайне.


Алег Сахно злева. Справа — ягоны былы намеснік Пётр Вараб'ёў. Ён таксама больш не працуе. Алег Сахно злева. Справа — ягоны былы намеснік Пётр Вараб'ёў. Ён таксама больш не працуе.

«У гэтай гісторыі ёсць і яшчэ адзін нюанс. Па словах суразмоўцаў, гэтым летам кашмарылі і саму Надзею Лазаравіч: дамы праводзілі ператрус, а яе, як зараз кажуць, „ненадоўга забіралі“. Колькі часу яна правяла ў ізалятары, невядома, але вядома, што з працы яе не звольнілі, а значыць, абвінавачанне не прад'явілі. Тады лагічна будзе меркаваць, што Лазарэвіч, калі і праўда правяла ў засценках час, то не больш за тры суткі. Ці былі звязаныя пытанні да яе з мінулымі месцамі працы ці арышт быў следствам прыгод мужа, невядома», — піша «Наша Ніва».

Надзеі Лазарэвіч 44 гады. Яна зрабіла імклівую кар'еру. У 27 год стала начальніцай фінансавага кіравання на беларускім тэлебачанні. Затым была служба ў «Салео» Аляксандра Шакуціна, нарэшце — кабінет генеральнага дырэктара «Бабруйскаграмаша».

У 2020-м Лазарэвіч стала агітатарам за Лукашэнку на Магілёўшчыне, яго даверанай асобай. У месяц пачатку вайны яе паднялі ў сталіцу, у намеснікі мэра Мінска, а праз год і ў першыя намеснікі. Пазней узнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».
Таксама яна стала намесьніцай старшыні праўладнай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын».

вх