Беларуская Служба

Эканамічная сітуацыя ў Брэсцкай вобласці не настройвае аптымізмам - чыноўнікі

15.11.2024 11:03
Прадпрыемствы ў пазыках і няма каму працаваць.
БрэстAlexxx1979 via Foter.com / CC BY-SA

Чыноўнікі ў Брэсцкай вобласці занепакоеныя даўгамі прадпрыемстваў, эфектамі санкцый, і недахопам кадраў. Нават у сельскай гаспадарцы праблемы. Гэта вынікае з дакумента са справаздачай аб эканамічным становішчы вобласці за першыя шэсць месяцаў 2024 года, які «Белсату» падаў «BELPOL».

Дакумент за подпісам першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага датаваны 25 ліпеня 2024 года. З яго вынікае, што ў рэгіёне назіраецца неэфектыўнасць прадпрыемстваў і праблемы з імпартазамяшчэннем.

У справаздачы работа па імпартазамяшчэнні ў Брэсце, Бярозаўскім, Пінскім і Пружанскім раёнах прызнаецца недастатковай.

У дакуменце адзначаецца неабходасць «выключыць у 2024 годзе выпадкі вымушанай няпоўнай занятасці і прастояў на прадпрыемствах па віне наймальніка».

Згодна з дакументамі, якія падаў «BELPOL», у Брэсцкай вобласці летам стратных арганізацый было мінімум 92.

Па вобласці таксама не выкананы паказчык па ўводзе ў эксплуатацыю дамоў для людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Даручэнне Аляксандра Лукашэнкі па забеспячэнні паскоранага развіцця рэгіёнаў з колькасцю насельніцтва ад 80 тысяч чалавек не было выканана па Баранавічах і Пінску.
яс