Беларуская Служба

Заклікаем змяніць падыходы да разгляду спраў па прадастаўленні беларусам міжнароднай абароны - Офіс Святланы Ціханоўскай

21.11.2024 16:01
Згаданы заклік прагучаў у сувязі з экстрадыцыяй былога байца палка Каліноўскага з В’етнама.
Васіль Верамейчыкnn.by/t.me/tsikhanouskaya/скрыншот

Офіс Святланы Ціханоўскай заклікаў міжнародную супольнасць змяніць падыходы да разгляду спраў па прадастаўленні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставін кожнага асобнага выпадку, а таксама разарваць супрацоўніцтва з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь і прыпыніць двухбаковыя дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе з Рэспублікай Беларусь.



Гэта рэакцыя па інфармацыю пра тое, што з В'етнама быў экстрадаваны грамадзянін Беларусі Васіль Верамейчык, былы баец палка Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Украіну, дзе служыў намеснікам камандзіра батальёна «Волат». У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Васіль быў абраны ў Каардынацыйную Раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.

«Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка - гэта прамое следства рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае пераследваць апанентаў, выводзячы ўзровень рэпрэсій на міжнародны ўзровень», - чытаем у заяве.

Офіс Святланы Ціханоўскай падкрэслівае неабходнасць узмацнення міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Прычым абароны не толькі беларусаў і беларусак, якія ратуюцца ад рэпрэсій, але і тых, хто абараняе будучыню Еўропы, змагаючыся на баку Украіны.

«Настойліва рэкамендуем усім беларусам, якія знаходзяцца за межамі краіны, быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі, улічваючы магчымыя дзеянні спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі. Каб мінімізаваць рызыку эсктрадыцыі, звярайцеся з сайтам pashpart.org - і правярайце краіны, куды небяспечна накіроўвацца беларусам, якія трапілі пад пераслед рэжыму» – чытаем у заяве.

аз

В'етнам выдаў Беларусі былога байца палка Каліноўскага

21.11.2024 08:53
У Беларусі Верамейчыку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі за службу ў палку Каліноўскага, бо рэжым Лукашэнкі прызнаў яго тэрарыстычнай арганізацыяй.