За апошнія суткі 24-25 лістапада зафіксавана як мінімум 38 заходаў расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «шахед» у Беларусь з Украіны, што з’яўляецца абсалютным сутачным рэкордам за ўсю гісторыю маніторынгу, паведамляе motolko.help.
Як мінімум адзін шахед даляцеў да Мазыра. Былі дзясяткі праходаў праз «беларускі калідор», а таксама не менш за тры разы шахеды заляталі ў Гомельскі раён у раёне памежнага пераходу Новая Гута.
Шахед, які заляцеў з Прыпяці ў Беларусь у 23:08, далей пайшоў на Нароўлю і да 00:05 дасягнуў прыгарада Мазыра. Далейшы яго лёс невядомы. Аднак не выключана, што ён быў збіты сіламі СПА УС РБ каля гадзіны ночы.
За апошнія суткі дзяжурная авіяцыя ВПС РБ паднімалася і лётала на паўднёвы ўсход краіны чатыры разы.
Сярод 38 зафіксаваных заходаў дакладна пацверджаны вяртанне ў паветраную прастору Украіны толькі дзевяці штук. Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што паводле іх звестак лакацыйна быў страчаны 71 БПЛА, і адзін дакладна паляцеў у Беларусь.
З 11 ліпеня на тэрыторыю Беларусі заляцеў як мінімум 221 «шахед».
motolko.help/ав